Пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама Вадзіма Бяляткі з удзелам старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага адбылося пасяджэнне рабочай групы пры Дзятлаўскім райвыканкаме па забеспячэнні бяспечных умоваў пражывання грамадзян у раёне.

Было абмеркавана некалькі пытанняў. Аб пажарна-прафілактычнай рабоце, якая праводзіцца на Дзятлаўшчыне, расказалі спецыялісты службаў прафілактыкі – энергагазнагляду, аддзела адукацыі райвыканкама, сацыяльнай службы, раёна газазабеспячэння, а таксама старшыні сельскіх выканаўчых камітэтаў, іх выступленні падрахункаваў намеснік начальніка Дзятлаўскага РАНС Сяргей Кухарчык. Было адзначана, што суб’екты прафілактыкі штотыднёва ладзяць агляды домаўладанняў і кватэр, тым не менш, з пачатку гэтага года ў раёне адбылося 10 пажараў, на якіх загінуў жыхар райцэнтра, траўмаваны два чалавекі – у гарпасёлку Казлоўшчына і аграгарадку Таркачы. Усе выпадкі вогненных здарэнняў разгледжаны з сістэмным аналізам прычын. Адказныя службы арыентаваны на далейшую актыўную работу па прафілактыцы пажараў з ухілам на катэгарыраваныя групы жыхароў: ад уразлівых катэгорый – інвалідаў, адзінокіх пажылых людзей, тых, хто жыве адзінока, да асобаў, не занятых у эканоміцы, якія вядуць асацыяльны лад жыцця.

Заслухалі таксама, якая работа праводзіцца з грамадзянамі, у домаўладаннях якіх пажары адбыліся ў 2026 годзе, спыніліся на праблемных момантах, што адзначаюцца ў іншых жыхароў раёна. Дарэчы, з пачатку гэтага года меры адміністрацыйнага ўздзеяння ў жылым сектары прыменены да 31 чалавека: 11 – за парушэнне правіл эксплуатацыі пячнога ацяплення, 13 – за курэнне ў месцы для сну, 7 – за няспраўнасць аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў.


Сяргей Кухарчык адзначыў, што ў сувязі з неспрыяльным супрацьпажарным становішчам і маразамі, якія пакуль не адступаюць, у выхадныя дні плануецца прадоўжыць правядзенне прафілактычных мерапрыемстваў у жылым фондзе, асабліва там, дзе выкарыстоўваецца пячное ацяпленне.

Пагутарылі таксама аб асаблівасцях работы спецыялістаў з праграмным забеспячэннем “ІнспектКам”.

– Сёлетняя статыстыка вымушае задумацца, – падрахункаваў вынікі сустрэчы Вадзім Бялятка. – Далейшая работа па прафілактыцы пажараў у раёне патрабуе пільнай увагі: зіма выдалася марознай, людзі хочуць цяпла. Да вырашэння пытанняў трэба падыходзіць сістэмна і зладжана, выкарыстоўваць усе рэсурсы і магчымасці.

Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga