Сёлета мы святкавалі 80-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Вынікам даследаванняў, пошукавай дзейнасці Дзятлаўскай раённай бібліятэкі стала база даных “Апаленая памяць Дзятлаўскага раёна”.
У аснову яе пакладзены матэрыялы раённай газеты “Перамога”, дзе на працягу больш як шасці дзесяцігоддзяў друкаваліся ўспаміны відавочцаў ваенных падзей; краязнаўчыя даследаванні пра гісторыю Дзятлаўшчыны; гісторыі простых людзей, якія страцілі родных і суседзяў.
Таксама шырока выкарыстоўваліся літаратурныя крыніцы з фондаў раённай бібліятэкі: кнігі па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, дзе апісваліся карныя аперацыі на тэрыторыі Беларусі; краязнаўчыя зборнікі, прысвечаныя нашаму раёну; мемуарная літаратура – успаміны ўдзельнікаў вайны, партызан, жыхароў, якія перажылі трагедыі.
База змяшчае звесткі пра восем населеных пунктаў раёна, якія былі цалкам ці часткова знішчаны, асабістыя гісторыі людзей, якія перажылі гэту трагедыю, фотаздымкі – як архіўныя, так і сучасныя, што адлюстроўваюць жыццё да вайны і пасля яе, помнікаў і мемарыяльных знакаў, усталяваных на месцах знішчаных вёсак.
База “Апаленая памяць Дзятлаўскага раёна” не з’яўляецца завершаным праектам – будзе папаўняцца новымі звесткамі і крыніцамі.

Размешчана яна на сайце Дзятлаўскай раённай бібліятэкі https://dyatlovolib.by/ і знаходзіцца ў адкрытым доступе.
Вольга БОЙКА,
дырэктар Дзятлаўскай раённай бібліятэкі
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga