Год добраўпарадкавання падыходзіць да заканчэння, але не перастае здзіўляць прыемнымі сюрпрызамі. Яшчэ адну сімвалічную чырвоную стужку перарэзалі, адкрываючы новы значны аб’ект пасля капітальнай рэканструкцыі ў нашым раёне – гэта рэстаран “Паніква”.




– Мне хацелася зрабіць прыгожае месца, каб людзі прыходзілі адпачыць, нават сем’ямі з дзецьмі, – расказаў новы дырэктар установы Віктар Ярковіч. – Праца пры аднаўленні гэтага рэстарана праведзена вялікая, мы стараліся, зрабіць усё якасна і бяспечна, каб тут было камфортна знаходзіцца людзям. Я ўсіх тут буду рады бачыць. У працэсе рамонту цесна прыходзілася працаваць і з адміністрацыяй раёна, санаторыяў “Радон” і “Альфа Радон”. Хочацца падзякаваць усім за дапамогу, што пытанні рашаліся своечасова і станоўча.


Ідэю Віктара Валянцінавіча аб аднаўленні гэтага месца адпачынку падтрымаў яго былы ўладальнік Уладзімір Раманюк, які таксама пабываў на адкрыцці.

– Кафэ “Паніква” адкрылася ў верасні 2011 года. Усе гэтыя гады яно працавала, былі свае і плюсы, а калі – і пэўныя праблемы, але час ідзе, мяняюцца патрабаванні, людзі. Я шчыра рады, што сёння тут новы кіраўнік, якому прыйшлася даспадобы Дзятлаўшчына, наша прырода. Ён унёс сур’ёзныя інвестыцыі ў рэканструкцыю ўстановы, хочацца пажадаць ёй прыбыткова працаваць, працвітаць, радаваць людзей, – адзначыў Уладзімір Уладзіміравіч.



– Мы вельмі рады, што ў нашым раёне ёсць такое месца. Адкрыццё яшчэ адной кропкі грамадскага харчавання вельмі актуальна і дарэчы, бо цяпер у нас развіваецца гастратурызм. Спадзяёмся, установа стане карыснай для людзей. Жадаю вам поспехаў, пабольш добрых кліентаў, – павіншавала дырэктара рэстарана намеснік старшыні райвыканкама Вольга Жэлезоўская.





Віктар Ярковіч расказаў, што вельмі шмат было зроблена для камфортнага адпачынку наведвальнікаў. З’явілася прыгожая гардэробная, новыя санвузлы. Памянялі ўсё абсталяванне на больш магутнае, набылі сучасную італьянскую музычную апаратуру, для аматараў паспяваць ёсць караоке. Любіцелі кавы змогуць атрымаць асалоду ад гэтага напою, які робіцца на прафесійным апараце. Зрабілі крытую тэрасу, дзе можна пасядзець за столікамі як летам, так і зімой, ёсць дзве вялікія залы на другім паверсе. Час работы ў рэстаране “Паніква” зручны для наведвальнікаў: у пятніцу і суботу – з 12 да 3 гадзін, у астатнія дні – з 12 да 1 гадзіны.



– Я прыязджаў у санаторый, вельмі спадабаліся гэтыя мясціны і, калі выдалася такая магчымасць, вырашыў паспрабаваць зрабіць прывабнае месца для адпачынку, – падзяліўся Віктар Валянцінавіч. – Хочацца, каб рэстаран працаваў і квітнеў, каб тут быў добры культурны адпачынак, а гэта залежыць і ад саміх наведвальнікаў установы. Спадзяюся, яны будуць цаніць тое, што мы для іх зрабілі. Будзем імкнуцца трымаць высокую планку і рухацца наперад.


У планах – далей развіваць бізнес, калі не будзе нейкіх перашкодаў, пашырацца. Думаю, гэта і для раёна добра, новыя працоўныя месцы.

Жыву ў Расіі, таму часта самому, маёй сям’і тут бываць не атрымаецца. Няхай людзі карыстаюцца, адпачываюць, зроблена тут усё ад душы, якасна, з лепшых матэрыялаў.

Настрой у мяне пазітыўны, усё будзе цудоўна – будзем працаваць.

Хачу пажадаць усім гасцям нашай установы, каб атрымлівалі асалоду, адключаліся тут ад сваіх працоўных момантаў, каб прыходзілі ў прыгожым спакойным месцы не проста адпачыць, а перазагрузіцца.
Святлана ГРЫШЫНА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае #ГОД БЛАГОУСТРОЙСТВА #ЧистоПоГродненски