Ганаровай граматай і грашовым прызам за першае месца ў абласным галіновым аглядзе-конкурсе па добраўпарадкаванні філіялаў і прылеглых да іх тэрыторый узнагароджаны Дзятлаўскі філіял камунальнага ўнітарнага прадпрыемства “Гроднааблпаліва”.
Як удалося стаць лідарамі на Гродзеншчыне, расказаў дырэктар Васіль Шпакоўскі:
– На працягу многіх дзесяцігоддзяў унітарным прадпрыемствам “Гроднааблпаліва” праводзіцца абласны агляд-конкурс па добраўпарадкаванні сярод філіялаў.

Сімвалічна і ганарова, што менавіта ў Год добраўпарадкавання наша арганізацыя выйшла ў абласныя лідары, атрымала Ганаровую грамату КУП “Гроднааблпаліва” і грашовы прыз у 25 базавых велічыняў. Такой высокай узнагароды мы ўдастоены ўпершыню і ўпэўнена да яе ішлі на працягу апошніх гадоў: у 2022-м былі на трэцяй пазіцыі сярод 17 філіялаў Гродзеншчыны, у 2023-м – на другой.
– Як жа ўдалося заняць першую пазіцыю на галіновым п’едэстале?
– Сёлетні год пачаўся з выязной галіновай калегіі, якая 5 сакавіка праходзіла менавіта на базе нашай арганізацыі. Мы сустрэлі ўсіх кіраўнікоў, бухгалтараў, галоўных эканамістаў 17 філіялаў Гродзеншчыны, абласную адміністрацыю. За дзесяць дзён давялося падрыхтаваць не толькі тэрыторыю пасля зімы, але і паставіць на лінейку гатоўнасці ўсю тэхніку. Безумоўна, без намаганняў нашага калектыву і калег-кіраўнікоў раёна наўрад ці ўдалося б гэта зрабіць. Сяброўскае плячо падставілі КСУП “Хвінявічы” (Мікалай Бубноўскі), КСУП “Жукоўшчына” (Мікалай Шых), РУП ЖКГ (Васіль Пяцюк), ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас” (Сяргей Дурко). Словы ўдзячнасці адрасую і кіраўнікам іншых арганізацый і прадпрыемстваў раёна, якія дапамагаюць спраўляцца з вытворчымі цяжкасцямі: ААТ “Дзятлаўская сельгастэхніка” – Уладзіміру Жыху, КУП “Дзятлаўскае прадпрыемства меліярацыйных сістэм” – Віктару Адамчыку.

Тэхнікі ў нашага прадпрыемства не так і мала параўнанні з іншымі філіяламі, тым не менш у 2023 годзе мы набылі нямецкую драбілку jenz, у 2024-м – лесавоз, 2025-м – КАМАЗ-дранкавоз. Неабходнасць у гэтым узнікла таму, што па рэалізацыі дранкі наш філіял пачынае выходзіць на рынак не толькі Дзятлаўскага, але і Навагрудскага, Слонімскага, паступова Зэльвенскага і Іўеўскага раёнаў.

Яшчэ сярод крытэрыяў, якія ацэньваліся ў аглядзе-конкурсе, было выкананне прагнознага задання па росце заработнай платы, які мы ў параўнанні з мінулагоднім перыядам павысілі да 117,1 %.

Па крытэрыі “аказанне платных паслугаў” выйшлі на 156,9 %, у тым ліку за кошт рэалізацыі піламатэрыялаў, камбікорму. За такую лічбу асаблівыя словы ўдзячнасці – калектыву Новаяльнянскага камбіната хлебапрадуктаў (кіраўнік Ігар Язэпаў), з якім плённа супрацоўнічаем. Свой уклад у планамерны рост паказчыка ўнеслі і папярэднія кіраўнікі філіяла: Сяргей Шымчык, з удзелам якога была пабудавана піларама (яе паслугі сёння запатрабаваны), Анатоль Лішык, пад кіраўніцтвам якога ў 2022 годзе наш філіял упершыню ўвайшоў у тройку лідараў. Плён іх намаганняў – надзейны падмурак, на якім будуецца цяперашняя дзейнасць філіяла.
Дарэчы, у жніўні гэтага года з праверкай вынікаў добраўпарадкавання нас наведвала група Камітэта дзяржаўнага кантролю на чале з першым намеснікам старшыні КДК Гродзенскай вобласці Аляксандрам Садаўнічым і станам спраў у арганізацыі засталася задаволенай.
Выкананню ўсіх паказчыкаў таксама спрыяе падтрымка раённага кіраўніцтва, непасрэдна старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага, генеральнага дырэктара КУП “Гроднааблпаліва” Івана Крахмальчыка, калі яна адчуваецца, то хочацца імкнуцца да большага. Так, непрыкметныя на першы погляд моманты ў суме і далі той вынік, які прывёў нас на першую пазіцыю абласнога п’едэстала.

– Зразумела, што самы грунтоўны ўклад зрабіў калектыў.
– Гэта так, свой уклад у агульны вынік філіяла паспяхова ўносяць дрывакол Валерый Райдзюк, вальшчык лесу Аляксандр Гурскі, станочнік дрэваапрацоўчага станка Васіль Кавальскі, аператар драбільнай устаноўкі Мікалай Блоцкі, трактарыст Сяргей Мілевіч, вадзіцелі Браніслаў Ярмаловіч і Яўген Міхалоўскі, прыбіральшчыца службовых памяшканняў, апальшчыца Ганна Якута, спецыяліст па продажы Галіна Губко, эканаміст па збыце Наталля Мазура, вядучы бухгалтар Святлана Аўсянская. Дзякуй ім за плённую работу.
– Якія планы на перспектыву?
– Пашыраць вытворчасць дранкі, выходзіць на новыя рынкі па яе рэалізацыі і, безумоўна, не здаваць пазіцый, на якіх замацаваліся, развівацца, папаўняць парк тэхнікі.

Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае #ГОД БЛАГОУСТРОЙСТВА #ЧистоПоГродненски