Сучасныя героі не носяць чырвоныя плашчы і не выдзяляюцца суперздольнасцямі. Ёсць сярод іх тыя, хто прыходзіць амаль кожную раніцу на мехмайстэрню свайго сельгаспрадпрыемства, каб падрыхтаваць тэхніку і выйсці ў поле – араць, уносіць угнаенні, сеяць, убіраць ураджай.
Яны працуюць часта без выхадных ад цямна да цямна з адказнасцю і вялікай любоўю да роднай зямлі, бо іначай проста не бывае.
Кожны год раённая Дошка гонару папаўняецца імёнамі выдатных працаўнікоў сяла, якія дасягнулі высокіх вынікаў у рабоце, паказалі прафесіяналізм і гаспадарскі падыход да справы. Сёлета ў гэтым пераліку – трактарыст-машыніст КСУП “Жукоўшчына” Юрый Варган.

Ён нарадзіўся ў вёсцы Гірычы нашага раёна. Па заканчэнні базавай школы ўжо моцна захапляўся тэхнікай і ведаў, што звяжа сваё жыццё з ёю і сельскай гаспадаркай.
– Калі быў яшчэ школьнікам, дзядзька працаваў на свінакомплексе ў Гірычах на трактары і браў з сабой пацікавіцца, – кажа мужчына. – З таго часу я марыў таксама быць трактарыстам.
Тэхнічную адукацыю ён атрымаў у папулярнай на той час кузні кадраў – Казлоўшчынскім прафтэхвучылішчы № 191. Першым месцам работы стала Дзятлаўская райсельгасхімія, а свой першы трактар Юрый Варган запомніў на ўсё жыццё.
Пачынаў слесарам мехмайстэрні, а ўжо пасля механізатарам у калгасе “Чырвоны Кастрычнік”, атрымаў маленькую “трыццатку” МТЗ, падвозіў на ёй кармы, вучыўся на практыцы быць сапраўдным механізатарам. Пасля арміі ўладкаваўся на вытворчае прадпрыемства “Дзятлаўская сельгасхімія”, дзе ўжо пазней, з вопытам, яму даверылі больш магутную і сур’ёзную тэхніку.
З пачатку 2006 года, калі механізатар прыйшоў па запрашэнні былога кіраўніка гаспадаркі Івана Свіба ў КСУП “Жукоўшчына”, нязменна працуе тут, з’яўляецца топам у сваёй сферы. Апошнія пяць гадоў у яго распараджэнні магутны энерганасычаны трактар Беларус-3522 з васьмікорпусным плугам, на якім ён і сёння прадаўжае паднімаць зябліва, гэтаму спрыяе нехалоднае і недажджлівае надвор’е. Механізатар зрабіў невялікую паўзу ў сваім насычаным рабочым дні, каб адказаць на пытанні пра работу, сябе і сям’ю.

– Юрый Аляксандравіч, па-вашаму, цяперашні трактар – найлепшы з тых, на якім вам даводзілася працаваць?
– Кожная тэхніка добрая ва ўмелых руках, кожны трактар найлепш падыходзіць для свайго віду работ. З другога боку, нельга адмовіць, што цяперашняя мая тэхніка не толькі магутная, але і камфортная: тут зручная сістэма кіравання, кандыцыянер. Гэта маё працоўнае месца на цэлы дзень і кожны дзень, таму ўтульнасць у кабіне навёў сваімі рукамі.
Калі перасеў за руль вялікага трактара, давялося зноў вучыцца ў таварышаў нюансам рабочага працэсу, шмат распытваць.
– Якімі работамі займаецеся ў сельгаспрадпрыемстве?
– Усімі, якія ёсць у аграрнай сферы: паднімаю зябліва, культывую, сею, унашу арганічныя ўгнаенні. На кормаўборачным камбайне кашу, жну кукурузу. Але больш за ўсё падабаецца менавіта ворыва, калі адчуваеш сябе вольным мастаком і ў той жа час помніш, што ад якасці тваёй работы залежыць увесь далейшы сельскагаспадарчы комплекс.
– Ці ганарыцца сям’я тым, што тата – хлебароб?
– Так, родныя ганарацца маёй справай і падтрымліваюць. У мяне тры дачкі – адна дарослая і дзве – падлеткі. Калі яны былі малыя, таксама цікавіліся работай на трактары, нават бывалі ў мяне на працы. Цяпер выраслі, у іх змяніліся інтарэсы. Я вельмі люблю сваю сям’ю і стараюся, калі выпадае магчымасць, бавіць час разам з блізкімі, куды-небудзь выязджаць.
– За час работы ў КСУП “Жукоўшчына” вы неаднаразова станавіліся пераможцам і прызёрам розных конкурсаў. Узгадайце некаторыя ўзнагароды.
– Заўсёды прыемна, калі тваю працу заўважаюць і адзначаюць. Дзякуй кіраўніцтву сельгаспрадпрыемства і Дзятлаўскага раёна за гэта. Самая важкая з іх – сертыфікат аб занясенні на раённую Дошку гонару. Пачэсна было сёлета ўдзельнічаць у складзе дэлегацыі ў абласных “Дажынках” у Ваўкавыску, там я атрымаў каштоўны падарунак ад прафсаюзаў. У мінулым годзе мне пашчасціла стаць пераможцам конкурсу “Лепшы араты”, сёлета таксама атрымаў прызавое месца. Хачу ад душы падзякаваць усім удзельнікам конкурсу, які праходзіў на базе нашага КСУП “Жукоўшчына”. Агульнымі намаганнямі было ўзарана больш за 500 гектараў поля, гэта добрая падмога. Пасля конкурсу я давёў да лагічнага завяршэння работы на ўсіх конкурсных участках. Узнагароды – гэта выдатна, аднак самае найлепшае – дастойны заробак за працу.
– Што пажадаеце сабе і ўсім, хто працуе ў аграрнай сферы?
– Сумленна і з адказнасцю ставіцца да сваёй работы, берагчы тэхніку і цаніць тое, што маем. Таксама жадаю быць здаровымі, бадзёрымі і аптымістычнымі, з упэўненасцю і цікавасцю глядзець у новы дзень. Няхай будзе мірнае неба над нашай Беларуссю, а на зямлі мы дастойна папрацуем.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае