На “мове лічбаў” могуць размаўляць не толькі матэматыкі, але і вопытныя бухгалтары, такія як Ірына Палуянцэвіч, якая больш за два дзесяцігоддзі паспяхова працуе ў КУП “Дзятлаўскае прадпрыемства меліярацыйных сістэм”, мае шмат заслужаных узнагарод, сярод якіх Ганаровая грамата Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў, галіновага АУП “Гроднамеліятводгас”, а сёлета яе імя было занесена на раённую Дошку гонару.

Гэты год адметны для Ірыны Міхайлаўны не толькі прызнаннем яе працоўных поспехаў, але і круглай асабістаў датай – 12 снежня жанчына адзначыць свой юбілейны дзень нараджэння, таму асабліва прыемна было сустрэцца і пагутарыць з нашай зямлячкай пра яе жыццёвы і працоўны шлях.

Нарадзілася Ірына Міхайлаўна ў 1965 годзе ў невялікай вёсцы Амбражылевічы, скончыла Казлоўшчынскую сярэднюю школу. Бацькі дзяўчыны працавалі ў мясцовым калгасе “Слава працы”, тата – трактарыстам, а матуля – паляводам, у сям’і гадавалася трое дзяцей. Пакінуўшы школьную парту, Ірына таксама вырашыла паспрабаваць сябе на сельскагаспадарчай ніве, год адпрацавала на збожжаскладзе. Менавіта там упершыню даведалася, як вядзецца ўлік, і адчула, што разумее, аб чым “расказваюць” лічбы, лёгка іх запамінае. Сумненняў з выбарам будучай пафесіі больш не ўзнікала: па накіраванні гаспадаркі ў 1983 годзе маладая работніца паступіла ў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію, што ў горадзе Горкі. Скончыла яе ў 1988-м з чырвоным дыпломам і вярнулася ў свой калгас, дзе паспяхова адпрацавала дванаццаць гадоў. У гэты час сустрэла свайго будучага мужа Дзмітрыя Янавіча, які быў вадзіцелем у гаспадарцы, так склалася маладая сям’я, якая засталася жыць і працаваць на роднай зямлі, прытрымліваючыся прынцыпу: “дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся”.

У 2003 годзе ў Ірыны Міхайлаўны ўзніклі новыя прафесійныя перспектывы: ранейшы дырэктар ПМС Віктар Шушко запрасіў яе на пасаду галоўнага бухгалтара, з якой на заслужаны адпачынак выходзіла Надзея Янушкевіч. З той памятнай восені ўжо дваццаць два гады Ірына Палуянцэвіч “ідзе ў нагу” з Дзятлаўскім прадпрыемствам меліярацыйных сістэм і піша новыя старонкі яго 55-гадовай гісторыі, і важна адзначыць: летапісам гэтым на сучасным этапе можна ганарыцца: прадпрыемства працуе вынікова.

Свой упэўнены ўклад у агульную “карціну поспеху” ўносіць і Ірына Палуянцэвіч.

– Работу сваю люблю, з задавальненнем раблю аналізы і падлікі,  на сучасным этапе нашай бухгалтарскай службе надзейна дапамагаюць камп’ютары і спецыяльная бухгалтарская праграма 1С, – прызнаецца Ірына Міхайлаўна. – Укаранялі новыя тэхналогіі мы самастойна, хоць гэта было даволі хвалююча, аднак пры падтрымцы маіх памочніц Марыны Добыш і Таццяны Плаўскай усё атрымалася. Разам мы пераадольваем любыя складанасці, выконваем паўсядзённыя працоўныя задачы. Кожны дзень у бухгалтэрыі прыносіць нешта новае, даводзіцца шмат чытаць, вывучаць дакументацыю, каб трымаць сябе “ў тонусе” як бухгалтарам і прафесіяналам, нярэдка раімся і дзелімся вопытам з галіновымі бухгалтарскімі службамі суседніх раёнаў.

Як аказалася, не менш актыўнае ў меліяратараў і калектыўнае жыццё. З цеплынёй у голасе Ірына Палуянцэвіч узгадвае сумесныя турзлёты, экскурсіі, вандроўкі, семінары-вучобу, працоўныя дэсанты на аб’екты меліярацыі і многае іншае. Ва ўсіх калектыўных справах яна стараецца быць разам з калегамі, нярэдка дапамагае ствараць сцэнарыі да раённых выставаў і святаў і заўжды перажывае за агульную справу.

Напружаны характар работы жанчына стараецца чаргаваць з актыўным адпачынкам дома. У сям’і Палуянцэвічаў свой прысядзібны ўчастак і гаспадарка, дзе муж займаецца апрацоўкай глебы на ўласным трактары, а жонка вырошчвае кветкі на клумбах і пакаёвыя, яна любіць шыць, вязаць, чытае шмат мастацкай літаратуры. Заўжды з задавальненнем сям’я падарожнічае па роднай Беларусі, а дзесяць гадоў таму пабывалі ў Германіі ў сваякоў мужа.

Маладым спецыялістам, якія робяць першыя крокі на бухгалтарскім шляху, Ірына Міхайлаўна раіць працаваць, вучыцца, не баяцца задаваць пытанні, бо памылкі, калі такія ёсць, могуць балюча ўдарыць па прадпрыемстве, таму самаўдасканаленне на працягу ўсяго прафесійнага жыцця – задача абавязковая, а калі яшчэ і любіш сваю справу, старанна яе выконваеш, то і поспех гарантаваны як спецыялісту, так і калектыву.

Два гады таму Ірына Палуянцэвіч дасягнула пенсійнага ўзросту, але прадаўжае працаваць на любімай рабоце, тым не менш, сярод сваіх прафесійных планаў яна называе перадачу назапашанага вопыту маладому спецыялісту, які калі-небудзь прыйдзе ёй на змену.

Дарэчы, як зазначыў дырэктар КУП “Дзятлаўскае ПМС” Віктар Адамчык, за 55 гадоў, якія існуе прадпрыемства, на пасадзе галоўнага бухгалтара тут змяніўся ўсяго другі па ліку чалавек, што сведчыць аб пастаянстве і стабільнасці спраў, спрыяльным клімаце ў калектыве.    

Ірына СТЫРНІК       

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
ГрадусПлюс. Иголку в конфете едва не проглотила 10-летняя дятловчанка
Прамая тэлефонная лінія
Прыём грамадзян

Прыём грамадзян

17 декабря, 2025

Похожие публикации