Адна з самых папулярных прафесій мары сучасных дзяцей – блогер. Многія мараць пра яе або нават робяць крокі да папулярнасці ў інтэрнэце.
Аб тым, ці мае права блогерства звацца прафесіяй, пра яе падводныя камяні і тое, хто можа ёй займацца, пагутарылі з самым творчым блогерам Дзятлаўшчыны, выкладчыкам раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Робертам Асіпуком.
– Пагаджаемся мы з гэтым ці не, блогерства сёння можна лічыць паўнавартаснай прафесіяй. У пацвярджэнне гэтага гаворыць хаця б той факт, што ў шэрагу ВНУ Масквы ёсць кафедры, дзе вучаць на блогераў, – расказаў ён. – Дзеці любяць такі занятак і хочуць займацца ім па простай прычыне: яны шмат часу бавяць у інтэрнэце, бачаць “паспяховы поспех” медыйных асоб і имкнуцца стаць падобнымі на іх. Дзеці, асабліва творчыя, хочуць быць лідарамі меркаванняў, атрымаць папулярнасць, даход і пажадана хутка. Аднак для школьнікаў гэта не заўжды карысна, а часам нават небяспечна. Напрыклад, сярод маіх вучняў таксама ёсць пачынаючы, але ўжо даволі папулярны блогер Данік Матчанаў, які за два месяцы набраў сабе аўдыторыю ў 70 тысяч падпісчыкаў, у яго ролікаў добрыя ахопы. У сваім блогу ён малюе, таксама як і я, многія яго падтрымліваюць і шчыра радуюцца поспехам, аднак не абыходзіцца без зайздрасці, крыўдных словаў, асуджэння, якія так лёгка выказваць на прасторы інтэрнэту. Дзеці праз сваю нявопытнасць, юны ўзрост, не заўсёды могуць адэкватна ацаніць іх і адказаць, таму ім вельмі важна дапамога дарослага.
Калі казаць пра блогерства ў Беларусі, на маю думку, яно мае права на жыццё як прафесія. Нездарма ж самыя папулярныя блогеры СНД – выхадцы з нашай краіны, некаторыя пераўтварылі гэты занятак у цэлую кампанію. Я быў удзельнікам першага форуму блогераў Беларусі і бачыў, як усё гэта падтрымліваецца на высокім узроўні, для тых, хто хоча па-сапраўднаму працаваць у гэтай сферы, шмат перспектываў. Пры гэтым заўсёды варта помніць пра сумленнасць перад аўдыторыяй і адказнасць за свае словы як лідара меркаванняў. Тыя, хто плануе зрабіць блогерства сваім спосабам заробку, варта і ставіцца да яго з усёй сур’ёзнасцю. Найперш, уважліва чытаць рэкламныя кантракты, якія табе прапануюць, а яшчэ лепш – карыстацца паслугамі кваліфікаванага юрыста, каб у выпадку невыканання нейкіх умоваў не патрапіць у складаную сітуацыю.
– Роберт Дзмітрыевіч, усё ж што параіце дзецям, якія мараць быць блогерамі?
– Каб стаць блогерам, варта вельмі добра разумець, што ты хочаш расказаць людзям. Для пачатку трэба мець хобі і вельмі добра ў ім вырасці, нечага дасягнуць, будзе гэта маляванне, музыка, чытанне вершаў або нешта іншае. Жадаю дзецям быць смелымі, знаходзіць сябе ў сваіх любімых занятках, праяўляць у вучобе і захапленнях, быць мэтанакіраваным і цікавым чалавекам найперш у рэальным жыцці.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga