У Гродзенскім абласным цэнтры тэхнічнай творчасці прайшоў абласны этап конкурсу камп’ютарных распрацовак “Патрыёт.by”.
Дыпломам II ступені ў намінацыі “80 старонак гісторыі Вялікай Перамогі” ва ўзроставай групе 14-21 год адзначана Ангеліна Залучан, навучэнка сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча, за распрацоўку інтэрнэт-сайта “Без тэрміну даўнасці” ў рамках аднайменнага праекта – перамог “Белая Русь” “Вопыт лепшых “Белай Русі” – здабытак грамадства” (педагогі – настаўніца матэматыкі Кацярына Латушка, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Марыя Шавель).
У ходзе работы над праектам вывучаны матэрыялы Дзяржаўнага архіва Гродзенскай вобласці, Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь па справе аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна. Усе сабраныя матэрыялы сістэматызаваны і прадстаўлены ў выглядзе трох тэматычных модуляў: “Нельга забыць”, “Нельга дапусціць”, “Нельга апраўдаць”.
Рэалізацыя модуля “Нельга забыць” прадугледжвала вывучэнне трагічнага лёсу жыхароў Дзятлава яўрэйскага паходжання. У ходзе пошуку сумесна з пракуратурай Дзятлаўскага раёна ўстаноўлены месцы прымусовага ўтрымання мірнага насельніцтва беларускай нацыянальнасці. Гэта турма для жыхароў раёна, якія былі арыштаваны за сувязь з партызанамі, лагер для сваякоў партызан у вёсцы Жыбартоўшчына, а таксама лагер для дзяцей партызан у вёсцы Дварэц. Вядзецца праца па пераўдакладненні спісаў загінулых.

Асаблівае месца ў модулі займае матэрыял аб пошукавых работах з раскопкамі ў гарпасёлку Наваельня, падчас якіх знойдзены і канфіскаваны шматлікія касцяныя астанкі расстраляных, прадметы адзення, сотні фрагментаў куль і гільзаў, іншая атрыбутыка, якія пацвердзілі факты масавага расстрэлу мірнага насельніцтва. Апублікаваны архіўныя матэрыялы расследуемай крымінальнай справы, у тым ліку асабістая справа абвінавачанага каменданта паліцыі, стэнаграмы пратаколаў допытаў сведкаў.
Рэалізацыя модуля “Нельга дапусціць” – гэта вывучэнне трагічных лёсаў вёсак, знішчаных у гады Вялікай Айчыннай вайны нямецкімі салдатамі на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна. У раздзеле прадстаўлены звесткі з актаў аб злачынствах, учыненых нямецкімі акупантамі, архіўныя справы па абвінавачанні, пратаколы допытаў сведкаў.
У рамках модуля “Нельга апраўдаць” вывучаны лёсы непаўналетніх вязняў фашысцкіх канцлагераў, якія пражываюць на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна. Пошук па ўстанаўленні новых фактаў працягваецца.
Кансультантам праекта выступіў пракурор Дзятлаўскага раёна Віталій Юрго.
Дзякуючы праведзенай рабоце і атрыманым матэрыялам ва ўстанове адукацыі аформлена экспазіцыя “Без тэрміну даўнасці”.
Марыя ШАВЕЛЬ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 3 г. Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае