18 верасня на Дзятлаўшчыне прайшоў Адзіны дзень інфармавання. Працавала некалькі інфармацыйна-прапагандысцкіх груп. Група старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага сустрэлася з калектывам Дзятлаўскага раёна электрасетак, абласная на чале з намеснікам начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Ірынай Сцепаненка – з работнікамі Дзятлаўскага лясгаса, рэктара Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Святланы Сяргейка – з жыхарамі Казлоўшчынскага сельсавета, старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага – з педагогамі Новаяльнянскай сярэдняй школы імя А. А. Шаўчук, працавалі групы намеснікаў старшыні райвыканкама.




Наша краіна адзначала адно з галоўных святаў, таму абмеркавалі тэму “Дзень народнага адзінства: значэнне міру і згоды”. Дата мае ключавое значэнне, бо з’яўляецца ўрокам для наступных пакаленняў, сімвалам аднаўлення гістарычнай справядлівасці для беларусаў, падзеленых супраць волі ў 1921 годзе па ўмовах Рыжскага мірнага дагавора. Як памятаем, пры аб’яднанні Заходняй Беларусі і БССР, якое адбылося ў выніку паходу Чырвонай арміі 17 верасня 1939 года, беларускі народ атрымаў магчымасць жыць і развівацца ў межах адной рэспублікі, фарміравалася аснова для паспяховай суверэннай і незалежнай Беларусі. Цяпер свята прадыктавана самім жыццём, бо жыць у міры і адзінстве – фундаментальная аснова беларускай палітыкі.


– Дзякуючы падзеям 17 верасня 1939 года была створана наша краіна ў тэрытарыяльных межах, у якіх існуе цяпер, – падкрэсліў старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі. – На жаль, у наш час сітуацыя на знешнім контуры складваецца неспакойная: гэта і працяглы канфлікт ва Украіне, і сцягванне ваенных сіл каля нашай мяжы з боку Польшчы. Памятаем і 2020 год, калі ставілася задача дэстабілізаваць абстаноўку ў Беларусі. У складанай палітычнай прасторы няпроста знайсці арыенціры, пракласці свой шлях, аднак гэта ўдаецца Беларусі. На нацыянальную эканоміку імкнуцца паўплываць шматлікімі санкцыямі, тым не менш, працуе яна паспяхова. Як прыклад, устойлівае развіццё Дзятлаўскага раёна: сёлета плюс 2 % да ўзроўню мінулага года склалася дынаміка па выручцы, па чыстым прыбытку – 135 %, рэнтабельнасць продажаў узрасла на 1,5 %, па заработнай плаце знаходзімся на 9-10 месцы ў вобласці. Устойлівыя лічбы і ў сельскай гаспадарцы, парадаваў добры ўраджай. Дзякуючы паспяховай рабоце эканомікі, каля 2,5 мільёна раённых бюджэтных сродкаў сёлета ўкладзена ў развіццё інфраструктуры: заасфальтаваны вуліцы ў райцэнтры, гарадскіх пасёлках Наваельня, Казлоўшчына. Аб’ектаў, якія яшчэ знаходзяцца ў рабоце, вельмі шмат. Ёсць і перспектыўныя планы: ажыццявіць рэканструкцыю ў арэнднае жыллё корпусу былога дома-інтэрната па вуліцы Чапаева ў Дзятлаве, пабудаваць 20-кватэрны дом па вуліцы Прытыцкага.

Паразважаць аб значэнні дзяржаўнай сімволікі, беларускіх традыцыях, менталітэце, сітуацыях з жыцця, выхаванні дзяцей у час абмеркавання тэмы заклікала Ірына Сцепаненка, якая ўпэўнена, што без Дня народнага адзінства не было б і Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, Дня Перамогі, нас як адзінай нацыі.


– У Беларусі робіцца шмат, але і людзям трэба праяўляць больш ініцыятывы, быць гаспадарамі ў сваім двары, раёне, – лічыць Ірына Сцепаненка. – Калі я была на Адзіным дні інфармавання ў Ваўкавыску, мужчына ўвесь час задаваў пытанні групе лідара жаночага руху краіны Вольгі Шпілеўскай: “Чаму не зроблена дарога да гаража, чаму там звалка?”. Аднак гэта смецце выкідваў не кіраўнік раёна ці дзяржавы, а самі жыхары. Я прапанавала зацікаўленым сабрацца разам, прыбраць гэту звалку. Калектывізм закладзены ў генафондзе нашай дзяржавы. І гэта мае самыя прамыя адносіны да Дня народнага адзінства. Дзякуючы нашаму адзінству, кіраўніку нашай краіны, у маленькай Беларусі захоўваецца мір. Аляксандра Лукашэнку ведае ўвесь свет, з ім раяцца нават вялікія палітыкі. Значыць, нашы папярэднікі паступілі мудра, калі аб’ядналі ўсе часткі Беларусі, якія павінны быць заўжды адзінымі. Нам трэба цаніць родную гісторыю, расказваць яе дзецям, бо без гэтага не бывае сапраўднай дзяржавы. Бацькі – тыя, хто падае прыклад, дык давайце імкнуцца, каб ён быў станоўчы, правільны, бо мы ствараем нашу будучыню.


Удзельнікі інфармацыйных груп адказалі на пытанні дзятлаўчан, а напрыканцы была зроблена выснова, што толькі ў адзінстве, патрыятызме, гаспадарлівых адносінах да роднай зямлі наша моц.
















Ірына СТЫРНІК
Фота аўтара, Наталлі АВЯРЧУК, Святланы ГРЫШЫНАЙ, Таццяны САНЮК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga