Адкрытае акцыянернае таварыства “Граніт-Агра” не проста адно з самых моцных сельгаспрадпрыемстваў раёна – гэта цэнтр прыцягнення перспектыўных кадраў. Тут ведаюць, чым зацікавіць моладзь і як падтрымаць яе ў прафесійным росце.

Пяць гадоў таму на пасаду галоўнага заатэхніка сюды прыйшла Анастасія Хоміч, і цяпер яна ўваходзіць у лік лепшых работнікаў Дзятлаўшчыны. Яе імя занесена на раённую Дошку гонару. У чарадзе штодзённых вытворчых клопатаў Анастасія Алегаўна знайшла час, каб расказаць пра работу, калектыў, поспехі жывёлагадоўлі і вялікую любоў да прафесіі, без якой проста немагчыма працаваць у сельскай гаспадарцы.

Як гэта часта бывае, першае знаёмства з будучай прафесіяй пачалося з дзяцінства: яна нарадзілася і жыла ў гарпасёлку Казлоўшчына, а на канікулах часта бывала ў бабулі, якая працавала загадчыцай фермы ў вёсцы Прырэчча Слонімскага раёна. Яшчэ тады ў яе і нарадзілася пачуццё глыбокай павагі і захаплення працай жывёлаводаў.

Выпускаючыся з Казлоўшчынскай сярэдняй школы, Анастасія марыла стаць медыкам, лячыць людзей, але жыццё вырашыла іначай, накіраваўшы на іншую дарогу.

– У год майго паступлення быў высокі конкурс, у мед патрапіць не атрымалася, затое выбрала ветэрынарную медыцыну, – расказвае яна.

Вучыцца спадабалася настолькі, што ў 2010 годзе, скончыўшы Ваўкавыскі аграрны каледж па спецыяльнасці “ветэрынарная медыцына”, Анастасія Хоміч прадоўжыла адукацыю ў Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце па той жа спецыяльнасці.

Маладым спецыялістам яна прыйшла ў КСУП “Вензавец”, дзе за дзесяцігоддзе папрацавала ветэрынарным доктарам, загадчыцай фермы, галоўным заатэхнікам.

У 2020-м жанчына атрымала прапанову, якая змяніла яе жыццё.

– Аглядваючыся назад, ні на хвіліну не пашкадавала, што прыйшла працаваць у ААТ “Граніт-Агра”, спачатку заатэхнікам, а ў хуткім часе – галоўным заатэхнікам. У Круцілавічах мой дом, сям’я, любімая работа, мая будучыня.

Анастасія Хоміч з першых крокаў адчула вялікую падтрымку кіраўніцтва і ўсяго калектыву арганізацыі. Яна атрымала службовае жыллё, а з прыходам на кіруючую пасаду – аўтамабіль для штодзённых паездак па аб’ектах жывёлагадоўлі.

Дарэчы, у ААТ “Граніт-Агра” такіх аб’ектаў нямала: дзевяць малочнатаварных фермаў, чатыры з якіх – комплексы-тысячнікі “Еленка”, “Касцюкі”, “Таркачы” і “Белагурна”; пагалоўе жывёлы на сёння складае 6510 асобін, з іх больш за дзве з паловай тысячы дойнага статку.

– Як адно імгненне прабеглі пяць гадоў, і я заўжды ўдзячна за падтрымку, навуку былому кіраўніку прадпрыемства Станіславу Мазуру. Ён прымаў мяне на работу і навучыў галоўнаму правілу: увесь калектыў як адна вялікая сям’я. Усе поспехі і няўдачы дзелім пароўну, вырашаем гуртам і разам ідзём да намечаных мэтаў.

Такой тактыкі  галоўны заатэхнік прытрымліваецца на працягу ўсіх гадоў работы ў Круцілавічах. З самага пачатку яна наладзіла кантакт з загадчыкамі і калектывамі малочнатаварных фермаў і комплексаў, выслухала прапановы, намеціла перспектыўныя планы.

– Адна з надзённых маіх задач – правільна наладзіць працэс работы. На кожным з аб’ектаў у нас парадак, бо там працуюць прафесіяналы сваёй справы, загадчык кожнага МТК як гаспадар ва ўласным доме: дакладна ведае, што і як рабіць найлепшым чынам, а я падтрымліваю і накіроўваю.

Павышэнне камфорту работнікаў і ўмоў утрымання жывёл – таксама сярод штодзённых клопатаў галоўнага заатэхніка: арганізацыя кармлення жывёлы, распрацоўка “малочных” рацыёнаў не абыходзіцца без яе лёгкай рукі.

Анастасія Хоміч расказвае, што яна стараецца падтрымліваць усе слушныя прагрэсіўныя ідэі: нешта цікавае бачыць на міжнародных сельскагаспадарчых выставах, куды яе час ад часу камандзіруе начальства, штосьці работнікі комплексаў сустракаюць у сацыяльных сетках іншых гаспадарак і прапануюць рэалізаваць, часта з добрымі прапановамі выходзяць самі беларускія вытворцы сельскагаспадарчай тэхнікі і кармавых дабавак.

Напрыклад, не так даўно ААТ “Граніт-Агра” былі закуплены два кормападштурхоўвальнікі, якія дапамаглі істотна зменшыць долю ручной працы, прайшлі стартавыя выпрабаванні на МТК “Еленка” і “Таркачы” і станоўча зарэкамендавалі сябе. У перспектыве будуць набыты такія яшчэ для двух комплексаў. Таксама добрым падспор’ем у рабоце стала малочнае таксі для аўтаматызаванага выпойвання цялят.  Такая работа дае свае вынікі: на сёння ААТ “Граніт-Агра” ў лідарах па раёне з надоем 28 літраў у суткі на адну карову, усе комплексы працуюць са штомесячным “плюсам” як па надоях, так і прывагах буйной рагатай жывёлы. Усё малако прадпрыемства рэалізуе ў Дзятлаўскі філіял ААТ “Молочный Мир”, 80 % – гатункам экстра. 

– У чым сакрэт поспеху?

– Работа ў сельскай гаспадарцы нечым нагадвае футбол, – разважае суразмоўніца. – Усе мы розныя, кожны са сваім узроўнем ведаў, падрыхтоўкі, нарэшце, сваімі жаданнямі і настроем. Але толькі пры сумеснай рабоце можа атрымацца высокі вынік. Я заўжды стаю гарой за кожнага работніка жывёлагадоўлі, бо гэта мае людзі і мая адказнасць. З другога боку, нас усіх падтрымлівае кіраўніцтва прадпрыемства. Шмат зрабіў для развіцця жывёлагадоўлі цяперашні намеснік кіраўніка Андрэй Падліпскі. Дырэктар ААТ “Граніт-Агра” Уладзімір Лашко прадоўжыў добрыя традыцыі, у ліку якіх – зберагаць і памнажаць матэрыяльна-тэхнічную базу і прыслухоўвацца да свайго калектыву. 

– Ці ёсць час на адпачынак і як сям’я ставіцца да матулінай работы і сельскага жыцця? – пытаю Анастасію Алегаўну.

– Муж сам працуе ў ААТ “Граніт-Агра” вадзіцелем, цяпер у іх гарачая пара жніва. Для яго жыццё ў сельскай мясцовасці – найлепшы варыянт, я таксама ўсёй душой палюбіла аграгарадок з яго маляўнічай прыродай і адкрытымі добрымі людзьмі. Усе тут гаспадарлівыя, ствараюць прыгажосць і ўтульнасць для сябе і землякоў, прыемна глянуць. А калі хочацца падарожжа – да суседніх гарадоў недалёка, часта наведваем сталіцу і абласныя цэнтры. Сын ганарыцца нашай работай і тым, што жыве ў аграгарадку Круцілавічы.

У дружнай сям’і Хоміч ёсць час плённа працаваць і адпачываць разам, хапае планаў. Сярод іх – падтрымаць захапленне сына плаваннем і запісаць яго на трэніроўкі ў басейне. 

Пытанне, чаго чакае ад будучыні, выклікае ў жанчыны цёплую ўсмешку:

– Я па-сапраўднаму шчаслівая, бо ў мяне ўсё для гэтага ёсць: любімая сям’я, утульны дом, цікавая работа, упэўненасць у заўтрашнім дні. Любыя справы мне па плячы, пакуль побач блізкія людзі, – кажа яна.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#сельское хозяйство #АПК #нашелучшее #нашалепшае

Похожие публикации