Многія калектывы цяпер сустракаюць маладое папаўненне, бо ў гэты час на першыя працоўныя месцы прыязджаюць выпускнікі ўніверсітэтаў і каледжаў.

Невялікая рэдакцыйная сям’я раённай газеты “Перамога” таксама стала крыху большай: 28 ліпеня да работы на пасадзе тэхнічнага рэдактара прыступіў наш зямляк, выпускнік Гродзенскага дзяржаўнага каледжа тэхнікі, тэхналогіі і дызайну Ягор Сарачынскі.

У абласным цэнтры юнак атрымаў спецыяльнасць “тэхнік-праграміст” і прыехаў працаваць на малую радзіму, аб чым ніколькі не шкадуе, нават бачыць у гэтым свае плюсы.

– У родным горадзе не даводзіцца думаць пра арэнду жылля, – зазначае Ягор, – жыву з бацькамі, ёсць шмат сяброў і знаёмых, а таксама магчымасць сабраць грошы для рэалізацыі далейшых планаў.

Першыя крокі ў прафесію малады спецыяліст робіць упэўнена і падкрэслівае, што ў гэтым яму дапамагаюць атрыманыя ў каледжы веды і замацаваны за ім рэдакцыйны настаўнік – адказны сакратар выдання Таццяна Грыцук. Асноўная задача Ягора Вячаслававіча – вёрстка газеты. Для яе вырашэння малады работнік паспяхова асвойвае камп’ютарную праграму “Adobe InDesign”, якая выкарыстоўваецца для стварэння макетаў друкаваных і лічбавых медыя і шырока распаўсюджана ў выдавецкай індустрыі. Ён прызнаецца, што раней не даводзілася сустракацца з гэтай праграмай, аднак працаваў з іншымі, падобнымі на яе, і асаблівых цяжкасцяў не адчувае.

Задаволена поспехамі юнака і яго настаўніца.

– Ягор цудоўна спраўляецца, таму ўражанні ад нашага супрацоўніцтва самыя пазітыўныя, – адзначае Таццяна Грыцук. – Ён хутка ўсё засвойвае, а бываюць моманты, што і мне падказвае новыя тэхнічныя прыёмы, якіх раней не ведала. Радуе, што наш малады работнік валодае яшчэ і многімі пазітыўнымі чалавечымі якасцямі: ён спакойны, уседлівы, старанны, тактоўны, ураўнаважаны, пунктуальны, акуратны ў рабоце, імкнецца адказна выканаць пастаўленыя задачы, даводзіць справы да канца. Упэўнена, што ён будзе спецыялістам, на якога заўжды можна спадзявацца.

Ягор Сарачынскі скончыў гімназію № 1 горада Дзятлава. Яшчэ ў школьныя гады вызначыўся з кірункам будучай дзейнасці, бо любіў працаваць з камп’ютарамі. Зразумела, што для такога спецыяліста, як тэхнік-праграміст, у час развіцця лічбавых тэхналогій работа можа знайсціся амаль на любой вытворчасці і ў многіх арганізацыях. Аднак Ягор рады, што першыя крокі ў прафесію робіць менавіта ў рэдакцыі раённага выдання, бо лічыць гэту сферу цікавай і пазнавальнай, спадзяецца, што кожны працоўны дзень будзе прыносіць яму новыя веды, падзеі, адкрыцці.    

– Было вельмі цікава даведацца, як ствараецца газета, яшчэ больш прыемна прымаць у гэтым непасрэдны ўдзел, – дзеліцца Ягор. – Хаця я думаў, што працэс значна прасцейшы. На справе аказалася, што многія тэхнічныя моманты патрабуюць поўнай канцэнтрацыі і ўважлівасці, трэба сачыць, каб на газетных палосах не заставалася памылак, і нават невялікія карэктывы нярэдка вымушаюць усё пачынаць нанова. Магу цяпер з упэўненасцю сказаць, што газета праходзіць няпросты шлях ад рэдакцыі да чытача. Радуе, што вёрстка – камандная справа, і заўжды ёсць магчымасць абмеркаваць, звярнуцца з пытаннем ці прапановай да калег.

Восем гадзін за маніторам толькі на першы погляд пралятаюць непрыкметна. Каб крыху адпачыць ад камп’ютара, Ягор узяў сабе за правіла рэгулярна ў час рабочага дня выконваць зрокавую гімнастыку, а вечарам стараецца рабіць практыкаванні на перакладзіне ці ладзіць кароткія веласіпедныя прагулкі.

Зразумела, за плячыма ў Ягора Сарачынскага няшмат рабочых дзён, але радуе, што маладому спецыялісту ў рэдакцыі падабаецца, ён стаў часткай каманды і не выключае, што ў далейшым можа застацца тут пасля адпрацоўкі. У аддаленай перспектыве юнак бачыць сябе паспяховым работнікам, сямейным чалавекам, гаспадаром уласнага дома. Спадзяёмся, усё ім задуманае абавязкова спраўдзіцца.

Моладзі Ягор Сарачынскі жадае таксама знайсці сабе справу па душы і хадзіць на работу з задавальненнем і цікавасцю, як гэта робіць ён.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
На працоўнай хвалі

На працоўнай хвалі

18 апреля, 2026
Депутаты едут в округа!
Моладзевыя навіны. Як запаліць іскрынку краўдфандынгу ў сэрцах юных валанцёраў?

Похожие публикации