У Дзятлаве пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама Вадзіма Бяляткі адбылося сумеснае пасяджэнне назіральнай камісіі пры райвыканкаме і аддзела ўнутраных спраў. Было праведзена групавое выхаваўчае мерапрыемства па аказанні садзейнічання ў працаўладкаванні асобам, не занятым у эканоміцы, якія стаяць на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі, у аддзеле аховы правапарадку і прафілактыкі ў рамках акцыі “Не ўпусці свой шанц”.

У ім прынялі ўдзел начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі АУС Дзятлаўскага райвыканкама Руслан Лаўрэнцьеў, прадстаўнікі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, арганізацый-працадаўцаў.


Як адзначыў Вадзім Бялятка, асноўная задача мерапрыемства – разгледзець пытанні сацыяльнай рэадаптацыі асобаў, якія вызваліліся з месцаў пазбаўлення волі, якія стаяць на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі, не заняты ў эканоміцы і не маюць законнай крыніцы даходаў, дапамагчы ім у працаўладкаванні.

– Вялікая складанасць у тым, што большасць з такіх грамадзян самі не жадаюць працаваць, – заўважыў Вадзім Аляксандравіч.


Як ні дзіўна, гэтым разам на пасяджэнне прыйшло шмат запрошаных – дваццаць чатыры чалавекі. Камісія выслухала кожнага, але парады спецыялістаў і прапановы аб дапамозе ў працаўладкаванні слухаць хацелі нямногія з іх. На пытанні “Як доўга не працуеце? У чым прычына? Дзе шукалі работу?” адказы гучалі невыразныя і няўпэўненыя. Многія з іх не маюць пастаяннага даходу па некалькі гадоў, перабіваюцца часовымі заробкамі, спасылаючыся на праблемы з дакументамі, са здароўем, то ім трэба даглядаць хворага мужа або бацьку, то няма як дабірацца да месца работы, якое прапануюць, а некаторыя сцвярджаюць, што збіраюцца ехаць у Мінск або Маскву.




– Вы ж разумееце, што кожны павінен працаваць. І калі скардзіцеся, што ў вас нічога няма, хто ў гэтым вінаваты? Толькі вы самі. Мы вам стараемся дапамагчы, калі патрэбна, і з жыллём, але ў першую чаргу вы павінны быць зацікаўлены ў гэтым. Добра жыць, калі ёсць пенсія бацькоў, можна і не працаваць? Усё ж раю добра падумаць пра сваю будучыню, уладкавацца на пастаянную работу і жыць сумленна, – падрахункаваў Вадзім Аляксандравіч.

Пасля пасяджэння для гэтых грамадзян была арганізавана грамадска-карысная праца – яны наводзілі парадак на абеліску Славы ў райцэнтры.





Святлана ГРЫШЫНА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga