Пытанне: як часта праваахоўнікі праводзяць праверкі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, ці шмат выяўляюць парушэнняў?
Адказвае ўчастковы інспектар міліцыі Дзяніс Жыбарт:
– На сёння скончана праверка сельскагаспадарчай тэхнікі па яе гатоўнасці да ўборачнай кампаніі. Цяпер рэгулярна праводзім рэйдавыя мерапрыемствы ў сельгаспрадпрыемствах па выяўленні і спыненні фактаў крадзяжу зерня новага ўраджаю, паліва, запчастак.
З пачатку ўборачнай гэтага года ў Дзятлаўскім раёне фактаў дробных крадзяжоў зафіксавана не было (выяўлены толькі адзін палявод, які знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення, а таксама зафіксаваны факт захоўвання 20 літраў афарбаванага дызельнага паліва). Праваахоўнікі вядуць штодзённы кантроль.
За дробны крадзеж (на суму менш за 10 базавых велічыняў) па артыкуле 11.1 КоАП РБ прадугледжаны штраф да 30 базавых велічыняў, або грамадскія работы, або адміністрацыйны арышт. А вось пры крадзяжы фарбаванага паліва адначасова надыходзіць адказнасць і за яго захоўванне – тут ужо будзе штраф ад 10 да 50 базавых велічыняў (па артыкуле 13.23 КоАП РБ). Калі выяўляецца, што грамадзянін учыніў крадзеж на суму больш за 10 базавых велічыняў, яго чакае пакаранне да трох гадоў пазбаўлення волі.
Дзяржаўтаінспекцыя таксама аказвае дапамогу і падтрымку сельгаспрадпрыемствам у час уборачных работ – забяспечвае бяспеку руху буйнагабарытнай тэхнікі на дарогах агульнага карыстання.
Акрамя гэтага, праваахоўнікі пастаянна ажыццяўляюць кантроль за фізічным станам усіх сельгасработнікаў, не толькі тых, хто ўдзельнічае ва ўборцы. Калі будзе выяўлена, што чалавек на працоўным месцы знаходзіцца ў нецвярозым стане (а гэта часцей за ўсё абавязаныя асобы), ён будзе пастаўлены на ўлік. Калі гэта не адзінкавы выпадак, грамадзянін можа страціць работу або будзе прымусова накіраваны ў лячэбна-працоўны прафілакторый.
Святлана ГРЫШЫНА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga