Што можа быць больш прыемным, чым правесці спякотны дзень на возеры ці рацэ. Аднак варта ведаць, што такі адпачынак павінен ладзіцца толькі ў дазволеных месцах. На Дзятлаўшчыне гэта гарадскі пляж райцэнтра і пляж санаторыя “Радон”, на астатніх вадаёмах раёна купанне забаронена.
Старшыня Дзятлаўскай раённай арганізацыі АСВОД Сяргей Шпакоўскі расказаў, што для бяспечнага і камфортнага адпачынку ў гэтым сезоне на гарадскім пляжы былі праведзены маштабныя работы. Паводле яго слоў, устаноўлены лежакі, абсталяваны спартыўная і валейбольная пляцоўкі, а таксама дзейнічае пракат катамаранаў і байдарак.




– Для нас важна не толькі стварыць умовы для адпачынку, але і падтрымліваць бяспеку, – падкрэсліў ён. – На пляжы супрацоўнікі АСВОД рэгулярна вучаць дзяцей плаванню і паводзінам на вадзе, заняткі праводзіць настаўнік фізкультуры. На планавай аснове дзеці з летнікаў раёна дастаўляюцца на пляж школьнымі аўтобусамі. Сумесна са спецыялістамі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях з імі мы праводзім навучальныя мерапрыемствы па аказанні даўрачэбнай дапамогі і выратаванні на вадзе.

Нягледзячы на пахмурнае надвор’е ў пачатку лета, пляж пры добрых умовах наведваюць сотні чалавек у дзень. Вада награваецца да 21 градуса, і, як удакладніў Сяргей Іосіфавіч, дзеці і падлеткі з задавальненнем купаюцца, гуляюць у валейбол і актыўна бавяць час на свежым паветры.
Мясцовыя жыхары пацвярджаюць, што месца стала па-сапраўднаму любімым.

– Нам вельмі падабаецца тут: чыста, прасторна, ёсць цень і вада, – падзяліліся ўражаннямі юныя адпачывальніцы. – У добрае надвор’е прыходзім з сябрамі, гуляем, купаемся, атрымліваем асалоду ад лета.


Ксенія ПІВАВАРЧЫК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga