Дзень сям’і ў гарпасёлку Казлоўшчына адзначылі знакавай падзеяй – уводам у эксплуатацыю пасля капітальнага рамонту 34-кватэрнага арэнднага дома.

У гэты святочны дзень шчаслівыя навасёлы падзяліліся эмоцыямі і расказалі пра свае сем’і.

Вікторыя Сіняк:

– Атрымалі выдатны падарунак да Дня сям’і! Дзякуй вялікі! У нас трохпакаёвая кватэра нумар 20, будзем тут жыць разам з мужам і трыма дзецьмі, пераедзем у Казлоўшчыну з вёскі Маськаўцы. Мы сталі на чаргу на паляпшэнне жыллёвых умоваў у мінулым годзе і ўжо сёлета можна засяляцца. Сёння атрымалі ключы, прыйшлі ўжо як гаспадары, дзеці нават выбралі сабе пакоі. Цяпер набываем новую мэблю, да верасня плануем пераехаць. Рада, што будзе вельмі зручна дзецям хадзіць у агульнаадукацыйную і музычную школы, цяпер усё побач.

Арцём Яцук:

– Наша кватэра нумар 27. Удалося яе атрымаць хутка, менш за год таму толькі стаў на чаргу. Кватэра прасторная, утульная, адразу з рамонтам – будаўнікі добра пастараліся. Прыбяром, купім мэблю – і адразу заселімся. Як і належыць, першым у новую кватэру сёння пусцілі ката, каб аберагаў дабрабыт. Сёння прыйшлі атрымаць ключы разам з мамай, а ў бліжэйшы час перавязу сюды сям’ю – жонку і дваіх дзяцей. Усіх навасёлаў віншую са святам, жадаю дружнай сям’і, дабрабыту і здароўя.

Данута Аляксандраўна Кот:

– Сёння сапраўднае свята! Атрымалі ключы ад новай кватэры, падарунак, паслухалі добрыя песні. Разам з мужам Мікалаем Раманавічам пераязджаем у арэнднае жыллё з вёскі Харабровічы Войневіцкага сельскага савета. У нас там засталося няшмат жыхароў, узімку цяжкавата ўжо самім спраўляцца. А тут можна спакойна жыць у кватэры са зручнасцямі. Мы напісалі заяву ў сельскі савет і нам пайшлі насустрач. Выбралі сабе аднапакаёвую, каб было не надта накладна. Усё спадабалася! Шкада толькі, што балкона няма. У Харабровічы ўсё адно будзем ездзіць, там агарод пасадзілі. Прыгарадны аўтобус туды рэгулярна ходзіць, у нас і машына ёсць. Хочам сказаць дзякуй дзяржаве за тое, што не толькі маладым даюць магчымасць атрымаць сваё жыллё.

Шматпавярховы дом-блізнятка па вуліцы Леніна, 35А, адкрыты ў Дзень сям’і,  – другі ў ансамблі сучаснай забудовы, якая стала ўпрыгажэннем населенага пункта і радасцю для пасялкоўцаў.

Раздзяліць урачысты момант з імі прыбылі кіраўніцтва раёна і сельвыканкама, будаўнікі, якія на працягу года вялі ўвесь комплекс работ, работнікі Дзятлаўскага РУП ЖКГ, пасялкоўцы.

Старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі падзякаваў адказным арганізацыям за работу і павіншаваў усіх, хто ў гэты дзень атрымаў ключы ад арэнднага жылля.

– Гэты дзень – знакавы для жыхароў гарпасёлка Казлоўшчына і для ўсяго раёна: сёння мы ўводзім у эксплуатацыю пасля капітальнага рамонту значны аб’ект – шматкватэрны дом коштам больш за 5 мільёнаў рублёў, у якім паселяцца 34 сям’і. У Год добраўпарадкавання прыемна адзначаць, як пераўвасабляюцца населеныя пункты раёна, у тым ліку гарпасёлак Казлоўшчына. За апошняе пяцігоддзе тут былі адрамантаваны дваровыя тэрыторыі, выкананы капітальны рамонт дамоў, дарог. У гэты асаблівы дзень словы ўдзячнасці хачу выказаць усім, хто будаваў гэты дом – упраўленню капітальнага будаўніцтва Слонімскага райвыканкама, камітэту архітэктуры і будаўніцтва Гродзенскага аблвыканкама, ТАА “Зодчий”, якая, як і заўсёды, сур’ёзна падышла да справы. Аб’ект уведзены якасна, з унутранай аддзелкай. Упэўнены, што дом спадабаецца навасёлам і стане сапраўдным сямейным ачагом.

Андрэй Уладзіміравіч уручыў Падзячныя лісты будаўнікам, якія набліжалі гэты дзень.

З Днём сям’і і наваселлем пасялкоўцаў павіншаваў дырэктар ТАА “Зодчий” Мікалай Дуброўскі:

– Сёння мы ўводзім такі цудоўны аб’ект у эксплуатацыю. Вы напэўна помніце, што тут было некалькі гадоў таму і што стала. Пасля таго, як мы правялі работы па разборцы, тут засталіся толькі капітальныя сцены і перакрыцці, якія мы ўмацавалі, заклалі новыя праёмы, пасля чаго пачалася зборка будынку нанова. Тут працавала значная частка нашага калектыву, у пікавыя часы колькасць работнікаў на аб’екце дасягала 100 чалавек. Працавалі ў будні і выхадныя, каб хутчэй здаць аб’ект у эксплуатацыю. Дзякуючы плённаму супрацоўніцтву з кіраўніцтвам раёна, заказчыкам, праектнай арганізацыяй, субпадрадчыкамі, мы змаглі ўвасобіць у жыццё самыя смелыя праекты. Думаю, жыхарам тут будзе камфортна і ўтульна. Усіх віншую з вялікім святам для Беларусі – Днём сям’і.

Мікалай Мікалаевіч уручыў сімвалічны ключ ад дома дырэктару Дзятлаўскага РУП ЖКГ Васілю Пецюку.

Да віншаванняў і пажаданняў дабрабыту сем’ям далучылася дырэктар упраўлення капітальнага будаўніцтва Слонімскага раёна Людміла Заяц.

Пасялкоўцы атрымалі ключы ад новых кватэр і падарункі з рук кіраўніка раёна, які пажадаў ім жыць тут у шчасці і згодзе.

Ксёндз, віцэ-дэкан Дзятлаўскага і Навагрудскага дэканата, настаяцель касцёла Сэрца Езуса Андрэй Пышынскі запрасіў прысутных да сумеснай малітвы аб дабрабыце і ладзе ў доме, здароўі жыхароў, а таксама асвяціў дом. 

Добрую песню гасцям урачыстасці падарылі работнікі Казлоўшчынскага Дома культуры.

Нарэшце надышоў чаканы момант перарэзвання чырвонай стужкі – і навасёлы адправіліся ў свае новыя кватэры.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#Дятловщина #нашелучшее #нашалепшае #дом

Похожие публикации