Педагог-псіхолаг гімназіі № 1 горада Дзятлава Карына Юшкевіч прыняла ўдзел у першым пасяджэнні моладзевага Савета пры Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
На пачатку сустрэчы сумесна са Старшынёй Палаты прадстаўнікоў Ігарам Сяргеенкам і дэпутатамі члены моладзевага Савета ўсклалі вянок і кветкі да стэлы “Мінск – горад-герой”.

На пасяджэнні былі зацверджаны рэгламент моладзевага Савета пры Палаце прадстаўнікоў, выбраны падліковая камісія і сакратарыят, прэзідыум і старшыня моладзевага Савета, яго намеснікі, саставы камісій.

Ігар Сяргеенка цёпла павіншаваў маладых членаў Савета, адзначыў, што гэта сур’ёзнае дасягненне ў іх жыцці і адказны этап у грамадскай дзейнасці.
Наша маладая зямлячка Карына Юшкевіч увайшла ў састаў моладзевага Савета ад Нёманскай выбарчай акругі № 56.

– Прыняць удзел у першым пасяджэнні моладзевага Савета пры Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь вялікі гонар для мяне, – падзялілся ўражаннямі Карына Андрэеўна. – Падзея стала не толькі значным этапам майго жыцця, але і магчымасцю ўнесці ўклад у развіцё моладзевай палітыкі нашай краіны.
Ганаруся тым, што ўвайшла ў састаў камісіі па сацыяльных пытаннях і ахове здароўя, дзе змагу працаваць над актуальнымі праблемамі, якія тычацца моладзі і грамадства ў цэлым.
Асаблівую ўдзячнасць выказваю Міхаілу Орду, які стаў маім настаўнікам. Яго вопыт і веды будуць для мяне каштоўным рэсурсам на гэтым шляху. Упэўнена, што сумесная работа з дэпутатамі дазволіць рэалізаваць важныя ініцыятывы і праекты, скіраваныя на паляпшэнне жыцця моладзі ў нашай краіне.
Я гатова да новых выклікаў і спадзяюся на прадукцыйнае супрацоўніцтва з калегамі. Разам мы зможам стварыць пазітыўныя змяненні і зрабіць наш голас пачутым!
Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі Карыны Юшкевіч
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае #Дятловщина