У рамках патрыятычнай акцыі “Народнае ўскладанне” моладзь Дзятлаўшчыны прыняла ўдзел у раённым аўтобусным маршруце памяці “Шануем памяць Вялікай Перамогі!”, прымеркаваным да 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Маршрут быў арганізаваны раённым саветам ГА “БРПА” і раённым камітэтам ГА “БРСМ”. З кветкамі і лампадамі ад помніка да помніка накіраваліся навучэнцы школ горада Дзятлава – члены гэтых грамадскіх арганізацый.

– Удзел у акцыі – гэта магчымасць не толькі даведацца больш пра нашу гісторыю, але і ўшанаваць тых, хто змагаўся за нашу свабоду. Давайце разам успомнім людзей, якія аддалі свае жыцці дзеля мірнага жыцця, і зробім гэты дзень незабыўным, – урачыста адкрыла маршрут каля мемарыяла – брацкай магілы воінаў Чырвонай арміі і партызанаў, загінулых пры вызваленні Дзятлаўшчыны, і помніка Героям Савецкага Саюза Яну Фогелю і Паўлу Пятрову каардынатар дзейнасці моладзевага парламента пры раённым Савеце дэпутатаў, старшыня раённага савета піянераў Ірына Мішчанка.

– Віншую ўсіх з надыходзячым святам – Днём Вялікай Перамогі. Ужо 80 гадоў мы жывём у міры, дзякуючы нашым дзядам і прадзедам, якія заваявалі Перамогу цаной уласнага жыцця. У гады вайны вашы равеснікі нароўні з дарослымі ўставалі на абарону Айчыны. Цяпер мы можам спакойна вучыцца, працаваць, адпачываць, таму павінны зберагчы гэты мір, каб і далей жыць свабодна, незалежна і праслаўляць нашу краіну, – дадала першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык.


Удзельнікі аўтобуснага маршруту ў Дзятлаве наведалі яшчэ мемарыял “Дзеці ліхалецця”, абеліск Славы, іх далейшы шлях прайшоў праз аграгарадкі Хвінявічы, Вензавец, Жукоўшчыну. Тут з вахтай памяці спыняліся каля помнікаў загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны, ушаноўвалі іх памяць. Каля кожнага з мемарыялаў, як сімвал нязгаснай павагі і пашаны, засталіся маленькія лампадкі – часцінкі Вечнага агню.















Святлана ГРЫШЫНА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#ВОВ #нашелучшее #нашалепшае #Дятловщина