У Дзятлаўскім Цэнтры культуры і народнай творчасці праходзяць канцэртныя праграмы, прысвечаныя 72-й гадавіне перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Удзел у іх бяруць прафесійныя і самадзейныя артысты.
У фае Цэнтра культуры працавала выстава продаж «Горад майстроў», у якой удзельнічалі працоўныя калектывы Дзятлаўшчыныі майстры-рамеснікі. Кожны госць свята мог набыць тут для сябе сувенір або проста пацікавіцца.
Адкрылася свята праграмай “Вам, ветэраны, – паклон і памяць пакаленняў”, якую падрыхтавалі работнікі Цэнтра культуры. Гледачоў парадавалі добра знаёмымі франтавымі песнямі і новымі кампазіцыямі пра Вялікую Перамогу і мір на зямлі. Канцэрт вызначыўся цікавымі дуэтамі і калектыўным выкананнем песень, арыгінальнасцю вобразаў артыстаў і творчай харэаграфіяй.
Эстафету ў старэйшых перанялі вучні школ Дзятлаўшчыны з дзіцячай святочная праграмай “Мы праўнукі твае, Перамога!”. У ёй пераважалі песні пра дзяцей і шчаслівае дзяцінства, родны край і ўдзячнасць маладых ветэранам Вялікай Айчыннай вайны за мірнае неба.
Тут жа, на раённай сцэне, маленькіх гасцей свята чакала «Свята марожанага» разам з тэатрам роставых лялек «Лялькі для ўсіх». Маленькія гледачы зноў сустрэліся з любімымі мультгероямі, паўдзельнічалі ў конкурсах і атрымалі прызы, галоўны з якіх — сапраўдны пламбір.
Н. АВЯРЧУК
Фота Н. АВЯРЧУК