У Дзятлаўскім Цэнтры культуры і народнай творчасці праходзяць канцэртныя праграмы, прысвечаныя 72-й гадавіне перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Удзел у іх бяруць прафесійныя і самадзейныя артысты.
У фае Цэнтра культуры працавала выстава продаж “Горад майстроў”, у якой удзельнічалі працоўныя калектывы Дзятлаўшчыныі майстры-рамеснікі. Кожны госць свята мог набыць тут для сябе сувенір або проста пацікавіцца.




Адкрылася свята праграмай “Вам, ветэраны, – паклон і памяць пакаленняў”, якую падрыхтавалі работнікі Цэнтра культуры. Гледачоў парадавалі добра знаёмымі франтавымі песнямі і новымі кампазіцыямі пра Вялікую Перамогу і мір на зямлі. Канцэрт вызначыўся цікавымі дуэтамі і калектыўным выкананнем песень, арыгінальнасцю вобразаў артыстаў і творчай харэаграфіяй.





Эстафету ў старэйшых перанялі вучні школ Дзятлаўшчыны з дзіцячай святочная праграмай “Мы праўнукі твае, Перамога!”. У ёй пераважалі песні пра дзяцей і шчаслівае дзяцінства, родны край і ўдзячнасць маладых ветэранам Вялікай Айчыннай вайны за мірнае неба.

Тут жа, на раённай сцэне, маленькіх гасцей свята чакала “Свята марожанага” разам з тэатрам роставых лялек “Лялькі для ўсіх”. Маленькія гледачы зноў сустрэліся з любімымі мультгероямі, паўдзельнічалі ў конкурсах і атрымалі прызы, галоўны з якіх — сапраўдны пламбір.

Н. АВЯРЧУК
Фота Н. АВЯРЧУК