Аказваецца, не толькі ў Ваеннай акадэміі. Выпускнікі школ могуць атрымаць спецыяльнасць у шэрагу ваенных навучальных установаў і спецыяльных факультэтаў як Беларусі, так і Расіі.

З усім спектрам магчымасцяў для атрымання прафесіі ваеннага старшакласнікаў Дзятлаўшчыны пазнаёмілі ў час прафарыентацыйнага мерапрыемства, якое ладзілася ў раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці.

Аб перавагах і асаблівасцях прафесіі ваеннага школьнікам расказалі прадстаўнікі ваеннага камісарыята Гродзенскай вобласці, Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь, Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі, вайсковай часці 35544 горада Баранавічы.

Камісар Дзятлаўскага раёна Генадзь Суравец павітаў прысутных і прадставіў гасцей:

– Паважаныя выпускнікі, наперадзе ў вас – выбар справы жыцця, і вы можаце рэалізавацца ў любой сферы народнай эканомікі. Аднак сярод іншых ёсць асаблівая, пачэсная прафесія – Радзіму абараняць. Падрабязней пра яе раскажуць спецыялісты.

Аб тым, дзе ў Беларусі і Расіі можна атрымаць спецыяльнасць ваеннага, расказалі супрацоўнік ваеннага камісарыята Гродзенскай вобласці капітан Вікторыя Палтарацкая і прадстаўнікі ВНУ.

– Сёння быць патрыётам – гэта не толькі мець дачыненне да Узброеных Сіл, да сілавога блока, але найперш – шчыра любіць сваю Радзіму, месца, дзе ты нарадзіўся і вырас, хадзіў у школу, марыў аб тым, каб у будучым праслаўляць яе сваёй працай і дасягненнямі, – адзначыла Вікторыя Мікалаеўна. – Некалі я таксама пайшла за сваёй марай і прыняла рашэнне прысвяціць свой лёс служэнню Айчыне. Мінула дваццаць гадоў, і сёння я – начальнік групы арганізацыі і адбору на вайсковую службу ваеннага камісарыята Гродзенскай вобласці. За ўсё жыццё ні разу не пашкадавала аб сваім рашэнні. Шчыра жадаю і вам зрабіць правільны выбар прафесіі, важны для кожнага чалавека.

Дзяржава падтрымлівае сваіх будучых абаронцаў, пачынаючы з навучання: курсантам прадастаўляюцца бясплатнае харчаванне, абмундзіраванне, грашовыя выплаты, а пасля заканчэння ВНУ – дастойныя зарплаты, магчымасць атрымання ўласнага жылля. Будучым абітурыентам растлумачылі парадак паступлення: якія прадметы неабходна здаваць, як настроіцца на экзамен па фізічнай падрыхтоўцы, медыцынскі агляд, субяседаванне.

Старшакласнікі даведаліся, што адукацыю ваеннага можна атрымаць не толькі ў Беларусі, але і ў шматлікіх навучальных установах Расійскай Федэрацыі, пры гэтым служыць пасля заканчэння ВНУ яны будуць на Радзіме, ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь.


Спрыт, канцэнтрацыю, камандны дух школьнікі маглі выпрабаваць у конкурсах ад намесніка камандзіра ВЧ 35544 горада Баранавічы па ідэалагічнай рабоце Паўла Гацурава і атрымаць у падарунак сувеніры ад Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь.









У фае Цэнтра культуры і народнай творчасці працавалі тэматычныя пляцоўкі, на якіх моладзь пазнаёмілі з узорамі ўзбраення, работай спецыяльнай тэхнікі. Жадаючыя мелі магчымасць пастраляць у ціры, абмеркаваць з прадстаўнікамі факультэтаў нюансы паступлення, зрабіць фота на памяць аб сустрэчы.













Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga