10 студзеня ў Дзятлаўскім раённым выканаўчым камітэце асабісты прыём грамадзян правёў дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Генадзь Балбатоўскі. У час рабочага візіту яго суправаджаў начальнік абласнога ўпраўлення цэнтра Анатоль Ганчар.

З пытаннямі да Генадзя Мікалаевіча звярнуліся двое дзятлаўчан.

Першую заяўніцу цікавіла, ці з’явяцца ў бліжэйшай перспектыве змяненні ў заканадаўстве, якія тычацца павелічэння кратнасці выдзялення льготных пуцёвак у беларускія санаторыі для пенсіянераў.

Генадзь Балбатоўскі растлумачыў, што асноўнымі дакументамі, якія вызначаюць такія сацыяльныя гарантыі, з’яўляюцца Закон “Аб дзяржаўных сацыяльных ільготах, правах і гарантыях для асобных катэгорый грамадзян” і ўказ “Аб санаторна-курортным лячэнні і аздараўленні насельніцтва”. З 1 студзеня 2024 года гэты ўказ і зацверджанае ім Палажэнне аб парадку накіравання насельніцтва на санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне дзейнічалі ў новай рэдакцыі. Цяпер ветэраны працы маюць права карыстацца пуцёўкамі з дзяржпадтрымкай не часцей за адзін раз у тры гады, працуючыя грамадзяне – раз у чатыры гады, у бацькоў з дзецьмі захавалася магчымасць сумеснага выезду ў санаторыі штогод. Разам з тым, людзі часта блытаюць паняцці аздараўлення і рэабілітацыі. Лячэнне і рэабілітацыю беларусы бясплатна праходзяць ва ўстановах аховы здароўя нашай краіны па медыцынскіх паказаннях. Што тычыцца льготных пуцёвак, то іх колькасць для беларусаў штогод павялічваецца, таму, калі зноў з’явіцца неабходнасць павелічэння кратнасці іх атрымання для пенсіянераў, яе замацуюць заканадаўча.  

Пацікавілася заяўніца і магчымасцю атрымання для жыхароў раёна пуцёвак у санаторый “Радон”.

Генадзь Мікалаевіч расказаў, што пэўную іх колькасць “Белаграздраўніца”, у структуру якой уваходзіць санаторый, выдзяляе для кожнай вобласці, аднак пуцёўкі запатрабаваныя, таму магчымасці іх атрымаць абмежаваны. Праўда, жыхары раёна пры жаданні могуць скарыстацца паслугай санаторыя без пражывання і прайсці лячэнне па так званай курсоўцы.

Другая заяўніца расказала, што мае жаданне з сям’ёй трапіць у санаторый “Беларусь” у Друскінінкаі (Літва), аднак з-за цяжкасцяў з атрыманнем візы зрабіць гэтага не можа.

Генадзь Мікалаевіч патлумачыў, што з-за рыторыкі, якую дыктуе суседняя дзяржава, у бліжэйшы час змяненні наўрад ці адбудуцца. На шчасце, наша краіна змагла забяспечыць работу санаторыя “Беларусь”, раз на квартал у яго адбываюцца заезды ўсіх катэгорый беларусаў, у якіх ёсць візы. Пры атрыманні візы просьбу заяўніцы таксама забяспечаць. Калі ж ўзнікнуць праблемы, Генадзь Мікалаевіч параіў жанчыне разгледзець варыянты профільных санаторыяў на тэрыторыі Беларусі.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации