Насычаны на падзеі мінулы год завяршыўся здачай грунтоўнага аб’екта рэспубліканскага значэння, не менш важнага і для саміх дзятлаўчан. Пасля капітальнага рамонту былі ўведзены ў строй мост па вуліцы Слонімскай і кальцавое скрыжаванне.
Мост, пабудаваны ў 1996 годзе, меў патрэбу ў абнаўленні, добраўпарадкаванне асфальтабетоннага пакрыцця на кальцавым перасячэнні таксама часта гучала ў пажаданнях дзятлаўчан.
Заказчыкам работ на аб’екце “Аўтамабільная дарога М-11/Е 85 граніца Літоўскай Рэспублікі – Беняконі – Ліда – Слонім – Быцень з мостам праз раку Дзятлаўку” выступіла РУП “Гроднааўтадар”; падрадчыкам, які выканаў будаўніча-мантажныя работы, – ААТ “Дарожна-будаўнічы трэст № 6”, па рамонце моста – ААТ “Мостабуд”. Кошт рамонту ў цэнах лютага 2024 года склаў звыш двух мільёнаў рублёў.

Даўжыня адрамантаванага ўчастка аўтадарогі склала 835 метраў, 18,5 з іх – непасрэдна мост. На рамонт дарожнага палатна спатрэбілася 562 кубічныя метры асфальтабетоннай сумесі.

Істотна змяніўся выгляд самой кальцавой развязкі: пашыраны цэнтральны кругавы астравок, на ім створаны тэхнічны тратуар з магчымасцю заезду. Для раздзялення транспартных патокаў уладкаваны трохвугольныя астраўкі з пешаходнымі пераходамі. З вонкавага боку кальцавога скрыжавання створаны тратуары шырынёй 1,5 і 2,25 метра.

Схема перамяшчэння для вадзіцеляў на кругавым скрыжаванні засталася папярэдняй – аднапалосны кругавы рух.
У ходзе капрамонту моста праз Дзятлаўку былі заменены пліты ў яго аснове і аб’яднаны маналітнай жалезабетоннай плітой, па абодвух баках аб’екта зроблены павышаныя тратуары з маналітнага жалезабетону для даўгавечнасці, а таксама металічная бар’ерная агароджа і пярылы з ацынкаванага металу па абодва бакі моста.
Таксама на гэтым участку аўтадарогі і падыходах да яго было абноўлена вулічнае асвятленне: усталявана 29 новых металічных апор са светадыёднымі свяцільнікамі.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашалепшае #нашелучшее