Дзятлаўская зямля ганарыцца сваімі выхадцамі, якія шчыра і аддана працуюць не толькі на малой радзіме, але і ў многіх іншых кутках Беларусі або нават за яе межамі.
Адным з такіх слаўных нашых землякоў з’яўляецца Аляксей Яновіч, які нарадзіўся ў вёсцы Зачэпічы Дзятлаўскага раёна. 18 снежня ён адзначае важкі юбілей – 85-годдзе.
Вялікі працоўны шлях прайшоў Аляксей Аляксандравіч, і дзейнасць яго заўжды прыносіла плён і станоўчыя вынікі. Пасля заканчэння Гродзенскага дзяржаўнага сельскагаспадарчага інстытута працаваў галоўным аграномам Гродзенскага абласнога ўпраўлення сельскай гаспадаркі, намеснікам загадчыка сельскагаспадарчага аддзела Гродзенскага абкама партыі, затым першым сакратаром Карэліцкага райкама партыі. З лістапада 1980 года – намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама, загадчык сельскагаспадарчага аддзела ЦК КПБ, старшыня Магілёўскага аблвыканкама, інспектар ЦК КПСС. Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Узнагароджаны ордэнамі Кастрычніцкай рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі.
Аляксей Яновіч узначаліў Карэліцкі раён маладым чалавекам, яму было ўсяго 30 гадоў, і вывеў яго ў лік лепшых раёнаў вобласці і рэспублікі.
Гэта вельмі таварыскі чалавек, які ў любога суразмоўцы ўмее выклікаць прыхільнасць да сябе. Варта адзначыць яго чалавечнасць, тактоўнае стаўленне да людзей. Аляксей Аляксандравіч паважаў усіх аднолькава, за высокія вынікі стараўся заўсёды заахвочваць. З асаблівай павагай ставіўся да тых, хто быў адданы сваёй справе. Бачачы такое паважлівае стаўленне з яго боку, людзі адказвалі тым жа.
Аляксей Яновіч быў кіраўніком высокага ўзроўню, прафесіяналам, сапраўдным патрыётам сваёй Айчыны. Адна з найважнейшых яго заслуг – праца з кадрамі, ён гэта разумеў і добра арганізаваў работу па падрыхтоўцы рэзерву кадраў. Так, напрыклад, у яго набіраўся вопыту Яўген Вырко, які быў першым сакратаром Дзятлаўскага райкама партыі.
Дзе б ні працаваў Аляксей Аляксандравіч, усе яго калегі і падначаленыя адзначалі яго як чалавека, які добра і глыбока ведаў сваю работу, настаўніка з вялікай літары.
Святлана ГРЫШЫНА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее
#нашалепшае