Перамагчы дапамаглі вопыт і родная зямля

Важнае Улада

У актавай зале ААТ “Граніт-Агра” прайшла цырымонія ўзнагароджання ўдзельнікаў конкурсу “Лепшы араты-2024”, які праходзіў 29 і 30 лістапада.

Пераможцам у падгрупе “Беларус-1221”, “Беларус-1523” стаў Руслан Міклаш (СГФ “АграМілк”), віцэ-чэмпіёнам – Міхаіл Дубешка (ААТ “Граніт-Агра”), бронзавым прызёрам – Вячаслаў Сідорчык (ААТ “Дварэцкі льнозавод”). У падгрупе “Беларус-2522”,  “Беларус-3022” лепшым аратым прызнаны механізатар Анатоль Марук (КСУП “Хвінявічы”), на другім месцы – Аляксандр Загдай (КСУП “Войневічы”), трэцяе – у Анатоля Лаўніка (КСУП “Хвінявічы”). У самай “цяжкавагавай” намінацыі “Джон Дзір-8430”, “Беларус-3522” у напружанай барацьбе перамогу атрымаў Вадзім Майсейчык (ААТ “Граніт-Агра”), другое месца ў Вячаслава Кастусіка (ААТ “Дварэц-Агра”), трэцяе – у Юрыя Варгана (КСУП “Жукоўшчына”).

Граматы і грашовыя падарункі ад раённага выканаўчага камітэта пераможцам і прызёрам конкурсу ўручыў старшыня камісіі – першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталій Шулейка. Персанальным грашовым прызам былі адзначаны самы малады ўдзельнік конкурсу Барыс Скулкін (СГФ “АграМілк”) і самы вопытны – Анатоль Лаўнік, у намінацыі “За адданасць прафесіі” – Мікалай Ганчар (ААТ “Дварэц-Агра”). Усе ўдзельнікі спаборніцтваў атрымалі заахвочвальныя прэміі, а таксама кожнаму трактарысту-машыністу, які араў поле ў рамках “Лепшага аратага-2024”, была выплачана заработная плата за два дні ад ААТ “Граніт-Агра”.

 

Пераможцы конкурсу падзяліліся сваімі ўражаннямі.

Анатоль Марук, КСУП “Хвінявічы”:

– Усё прайшло вельмі добра. Трактар не падвёў, адпрацаваў без збояў паўтара дні. Дапамог вопыт: атрымалася заараць больш за 30 гектараў. Быць пераможцам заўжды прыемна, тым больш што гэта яшчэ і добры грашовы бонус да заработнай платы і стаўкі за ўдзел. Выдатная нагода купіць пачастункі шасцярым унукам, якія, напэўна, хваляваліся і за дзядулю, і хварэлі за перамогу.

Вадзім Майсейчык, ААТ “Граніт-Агра”:

 

– Шчыра кажучы, не чакаў, што буду першым, але стараўся. Канкурэнцыя была сур’ёзная, давялося “папацець”. Маю на ворыве больш за 22 гады стажу, удзельнічаў у конкурсе на новым “Беларусе-3522”, які толькі атрымаў у сакавіку. Поле па жараб’ёўцы выцягваў апошні з усіх, перажываў, што ўсе найлепшыя ўжо разабралі. Але, відаць, дапамагла родная зямля, у агульным заліку – 44 гектары.

– Якія планы на бліжэйшы час?

– Адпачнуць дзень і працаваць далей, ужо па-за конкурсам. Да новага года трэба завяржыць усе ўчасткі ворыва, распачатыя ў час конкурсу.

Усе разам удзельнікі раённага конкурсу “Араты-2024” за паўтара дні ўзаралі 483 гектары зямлі ААТ “Граніт-Агра”. Калектыў прадпрыемства ўдзячны кіраўніцтву раёна за гонар прымаць такія спаборніцтвы, а кожнаму іх удзельніку – за важкі ўклад у агульную справу.

 

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее

#нашалепшае