Раённы конкурс “Лепшы араты-2024” на Дзятлаўшчыне

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Па добрай дзятлаўскай традыцыі гадавы комплекс аграрных работ завяршаецца раённым конкурсам прафесійнага майстэрства механізатараў, занятых на ўзворванні глебы, які праходзіць 29 і 30 лістапада на базе ААТ “Граніт-Агра”.

Сёлета ў ім прымаюць удзел 17 прафесіяналаў сваёй справы з сямі прадпрыемстваў раёна.

Як і кожны год, арганізатарамі спаборніцтваў выступаюць упраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама і раённы камітэт Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.

У гэтым годзе рэгламент конкурсу крыху змяніўся: ён праходзіць у трох намінацыях, у кожнай з якіх будуць адзначаны па тры прызёры.  Першая група  – “Джон Дзір-8430”, “Беларус-3522” (СГФ “АграМілк”, ААТ “Дварэц-Агра”, ААТ “Граніт-Агра”, КСУП “Жукоўшчына”), другая – “Беларус-2522”,  “Беларус-3022” (КСУП “Войневічы”, КСУП “Хвінявічы”), трэцяя – “Беларус-1221”, “Беларус-1523” (СГФ “АграМілк”, КСУП “Войневічы”, ААТ “Граніт-Агра”, ААТ “Дварэцкі льнозавод”). У кожнай з каманд, акрамя механізатараў, удзельнічалі галоўныя інжынеры і галоўныя аграномы сельгаспрадпрыемстваў.

Падзякаваў аграрыям за ўдзел у конкурсе “Лепшы араты-2024” і пажадаў ім поспехаў старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі:

– Праводзіць кожны год конкурс прафесійнага майстэрства сярод механізатараў раёна – добрая традыцыя дзятлаўскай зямлі. Сёлета мы вырашылі не мяняць планы, а ў справядлівай прафесійнай барацьбе вызначыць лепшых з лепшых. “Араты-2024” – не толькі магчымасць па заслугах адзначыць прафесіяналаў сваёй справы, але і зрабіць добры задзел на вясновыя палявыя работы для ААТ “Граніт-Агра”, на базе якога ладзіцца конкурс. На працягу двух дзён вы прадэманструеце свае высокія прафесійныя якасці на шляху да перамогі. Жадаю ўсім удачы і выдатных вынікаў!

Старшыня конкурснай камісіі, першы намеснік старшыні – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Віталій Шулейка таксама павіншаваў усіх з удзелам у конкурсе:

– Разам мы робім добрую справу – папулярызуем прафесію механізатара, якая карыстаецца попытам на рынку працы і дастойна аплачваецца. Гэтым мерапрыемствам мы падтрымліваем найлепшыя традыцыі аграпрамысловага комплексу раёна. Прыемна, што ўдзельнічаюць не толькі вопытныя прафесіяналы, але і моладзь, якая ні ў чым не хоча саступаць старэйшаму пакаленню. Поспехаў вам усім! Якаснай работы і выдатных вынікаў.

Дырэктар ААТ “Граніт-Агра” Андрэй Падліпскі пажадаў удзельнікам “Аратага-2024” выніковай працы і поспехаў, са свайго боку запэўніўшы, што арганізатары зробяць усё магчымае, каб ён прайшоў гладка і прыемна для ўсіх.

Намеснік начальніка аддзела арганізацыі вытворчасці ўпраўлення Мікалай Шых агучыў умовы ўдзелу і прызы пераможцам. Прызавы фонд конкурсу, забяспечаны раённым бюджэтам, сёлета склаў больш за 5 тысяч 700 рублёў. Гарантаваныя прэміі атрымаюць усе ўдзельнікі мерапрыемства, грашовыя прызы – пераможцы і прызёры ў кожнай падгрупе, будуць і спецыяльныя прэміі для самых маладых і вопытных удзельнікаў.

Да пачатку спаборніцтваў была праведзена жараб’ёўка, па выніках якой за кожным механізатарам замацавалі пэўны надзел для ўзворвання на ўчастку “Белагурна” ААТ “Граніт-Агра”. У рамках конкурснай праграмы адбылася праверка тэхнічнага стану і камплектацыі тэхнікі (аптэчка, сродкі пажаратушэння), наяўнасць і стан спецадзення механізатараў. Інструктаж па ахове працы і тэхніцы бяспекі з запісам у журнале – таксама абавязковая ўмова конкурсу, без выканання якой ні адзін трактар у поле не выйдзе.

Механізатары прыступілі да работы адначасова, працуюць у роўных умовах.

– Падыход да вызначэння лепшых у прафесіі комплексны, – расказаў Віталій Шулейка. – Якасць ворыва ацэньваецца па некалькіх паказчыках: просталінейнасць, глыбіня, паўната і знешні выгляд паверхні ўзворвання, захаванне бакавых межаў участка і іншыя. За кожны з іх трактарысты-машыністы атрымаюць пэўную колькасць балаў, па суме якіх будуць вызначаны пераможцы і прызёры спаборніцтваў. Вынікі спаборніцтва будуць падведзены заўтра пасля двух дзён работы.

Механізатары і спецыялісты, якія ўдзельнічаюць у конкурсе, падзяліліся сваім настроем.

Ад КСУП “Войневічы” ў спаборніцтве прафесіяналаў удзельнічаюць два канкурсанты. Сяргей Барысевіч – упершыню.

– Маю 15 гадоў стажу, увесь час на “Беларусе-1221” і сёння на ім прыехаў. Па жараб’ёўцы поле патрапіла не вельмі простае, але за перамогу пазмагаемся абавязкова, – кажа ён.

Яго калега Аляксандр Загдай неаднаразовы ўдзельнік конкурсу аратых, ён упэўнены ў тэхніцы і сваіх сілах:

– Гэта трэці мой конкурс. Вопыт даўжынёй у 14 гадоў павінен дапамагчы. Увесь год працую на “трыццатцы”, плуг і каса – мае паўсядзённыя агрэгаты. Гэтай восенню араў пад азімыя культуры, паднімаў зябліва. Тут, як і дома, работа ўся звыклая, зразумелая, таму асаблівых перажыванняў няма. Буду старацца працаваць якасна і без памылак, а заслужаны вынік прыйдзе.

Вадзім Майсейчык прадстаўляе гаспадароў конкурсу – ААТ “Граніт-Агра”, тым не менш, удзельнічае з усімі на роўных умовах па жараб’ёўцы. Здавалася яшчэ нядаўна ён працаваў у экіпажы разам з жонкай на жніве, а сёння ўжо актыўна ўдзельнічае ў ворыве.

– Наша справа – якасна працаваць. Фінансавы стымул важкі, але найперш – адказнасць перад сваім прадпрыемствам і калектывам, якія я прадстаўляю, – адзначае Вадзім Уладзіміравіч.

Упэўнена адчувае сябе на полі леташні пераможца конкурсу ў сваёй намінацыі Юрый Варган. Ён адзін за ўсіх прадстаўляе сёлета КСУП “Жукоўшчына”, таму і адказнасць павышаная.

– Поле добрае, настрой выдатны, тэхніка надзейная. Ёсць усе ўмовы, каб пазмагацца за перамогу, – рапартуе аграрый.

Ужо заўтра лепшыя з лепшых на ворыве будуць адзначаны дыпломамі і грашовымі прэміямі. Цырымонія ўзнагароджання адбудзецца ў актавай зале ААТ “Граніт-Агра”.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее

#нашалепшае