2 лістапада ў Мастах адбудзецца галоўнае свята хлебаробаў Гродзеншчыны.

Аб тым, як Дзятлаўскі раён падрыхтаваўся да абласных “Дажынак”, расказала начальнік аддзела арганізацыі вытворчасці ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Ірына Грыбінюкова:

– У 2024 годзе працаўнікі палёў Дзятлаўшчыны падышлі да свята “Дажынак” з выдатнымі вынікамі, папрацавалі на славу: па ўсіх пазіцыях мы “плюсуем”, а па некаторых пунктах – б’ём рэкорды. Сельскагаспадарчыя прадпрыемствы нашага раёна сабралі багаты ўраджай рапсу, збожжавых і зернебабовых культур. Валавы збор збожжавых і зернебабовых культур на сёння склаў 103 тысячы тон (на 12,8 тысячы тон больш за мінулагодні вынік). Гэта самы высокі паказчык за гісторыю Дзятлаўшчыны. І нават гэта не заключная лічба: прадаўжаецца нарыхтоўка зерня кукурузы, агульны валавы збор чакаецца ў межах 113 тысяч тон. Сярэдняя ўраджайнасць па рэгіёне склала 34,4 цэнтнера з гектара: у лідарах сярод прадпрыемстваў раёна СГФ “АграМілк” (44,7 ц/га), ТАА “РоданАграПол” (38,5 ц/га), ААТ “Граніт-Агра” (33,5 ц/га). Таксама на Дзятлаўшчыне прадаўжаецца ўборка караняплодаў цукровых буракоў (сабрана 27,5 тысячы тон з ураджайнасцю 532 ц/га), накапана 4 тысячы тон бульбы пры ўраджайнасці 273 ц/га, самая вялікая ўраджайнасць дасягнута ў КСУП “Хвінявічы” і складае 340 ц/га. Нарыхтавана кармоў 72,5 тысячы тон кармавых адзінак, у тым ліку 33,6  кармавых адзінак на ўмоўную галаву (на 2,6 цэнтнера кармавых адзінак больш за мінулагодні паказчык). У гэтым годзе нарыхтавана сена ў 2,6 раза больш, чым летась, сенажу – у 1,3 раза больш.

– Хто сёлета ўвайшоў у дэлегацыю раёна на “Дажынках-2024”?

– Традыцыйна гэта ўдзельнікі жніва як з моладзі, так і вопытнага пакалення, кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў, арганізацый раёна, дзейнасць якіх звязана з сельскагаспадарчай сферай, ветэраны працы, прадстаўнікі кіраўніцтва раёна, грамадскіх аб’яднанняў, спецыялісты ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, вядомыя блогеры. Дзятлаўчане будуць адзначаны рэспубліканскімі і абласнымі ўзнагародамі рознай вартасці, адна з самых высокіх – падзяка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

– Як будзе прэзентавацца Дзятлаўшчына на абласным свяце?

– Сельскагаспадарчыя і перапрацоўчыя прадпрыемствы раёна пры падтрымцы раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці рыхтуюць тэматычны падворак, які пакажа ўнікальныя традыцыі Дзятлаўшчыны. Сёлета тэматыка яго будзе прысвечана “пяцігодцы” 2013-2018 гадоў, калі ў раёне актыўна развівалася авечкагадоўля і трусагадоўля. Лагічна, што цэнтрам экспазіцыі стане КСУП “Хвінявічы”. Госці фестывалю змогуць не толькі даведацца аб пародах жывёл, якіх гадуе гаспадарка, але і пабачыць іх ужывую: для гэтага будзе працаваць сельскі кантактны міні-заапарк. Таксама ўвазе наведвальнікаў фестывалю будуць прадстаўлены ўзнагароды нашых гадаванцаў са шматлікіх выставаў рэспубліканскага ўзроўню. Тых, хто завітае на дзятлаўскі падворак, чакае шмат цікавага і мноства сюрпрызаў: тут можна будзе пабачыць і пакаштаваць шэдэўры майстрыц-хлебапёкаў Дзятлаўшчыны, пабачыць рог дастатку, напоўнены прадукцыяй перапрацоўчых прадпрыемстваў, кампазіцыі з агародніны новага ўраджаю, сялянскі побыт у мініяцюры. Самы вялікі і прыгожы паўтараметровы каравай і сноп паўдзельнічаюць у традыцыйным штогадовым конкурсе. Людзі, нераўнадушныя да ўсяго аўтэнтычнага беларускага, будуць мець магчымасць далучыцца да майстар-класаў ад вядомых майстроў раёна Анатоля Кардаша, Сяргея Балыкова, Марыны Лотыш. Нязменна добры настрой падтрымаюць вядомыя песенныя калектывы Дзятлаўшчыны. Калі ласка на гасцінны дзятлаўскі падворак, абавязкова будзе цікава! Да сустрэчы на “Дажынках”!

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации