Дзень бацькі і тыдзень бацькоўскай любові на Дзятлаўшчыне завяршыліся яркім спартыўным мерапрыемствам – футбольным матчам, які прайшоў на стадыёне “Колас” у райцэнтры.
Раённы фізкультурна-спартыўны клуб, дзіцяча-юнацкая спартыўная школа і раённы камітэт ГА “БРСМ” запрасілі татаў-аматараў футболу і юных выхаванцаў спартыўнай школы горада Дзятлава памерыцца сіламі ў футбольным супрацьстаянні. На святочны матч заявілася каманда татаў на чале з капітанам Уладзімірам Ганчаром у саставе 11 чалавек і зборная дзяцей з 31 гульца пад старшынствам Мацвея Кашко.
Удзельнікаў матча павітаў начальнік сектара спорту і турызму райвыканкама Дзмітрый Ёда. Ён павіншаваў сённяшніх і будучых татаў з маладым святам, пажадаў удачы, моцнага здароўя і яркіх перамог ва ўсіх справах.
– Таты, сёння вы маеце магчымасць узяць рэванш у маладога пакалення пасля аналагічнага вясновага матча, – адзначыў ён. – Няхай перамогуць мацнейшыя.
Да віншаванняў далучылася першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык:
– Тата – галоўны чалавек у сям’і – абаронца, здабытчык, прыклад для сваіх сыноў і чараўнік – для дачушак. Усім бацькам вялікі дзякуй за цеплыню і клопат аб сваіх сем’ях. Усім здароўя, поспехаў і ўсяго найлепшага.
Футбольны матч атрымаўся па-сапраўднаму гарачым: таты “бралі” вопытам і ростам, дзеці – спрытам і энергічнасцю. Да апошняй хвіліны было незразумела, хто ў выніку стане лідарам святочнай гульні. Нарэшце, напрыканцы матча бацькі атрымалі валявую перамогу з лікам 6 : 5. Пакрыўджаных у гэтым паядынку не было, таму што юныя футбалісты па-сапраўднаму ганарыліся бацькамі, а іх матулі, якія прыйшлі падтрымаць свае футбольныя сем’і, – мужамі.
Таты і іх дзеці прызналіся, што спартыўнае мерапрыемства – найлепшы падарунак аматарам футболу. Яны падзяліліся эмоцыямі і павіншавалі землякоў з Днём бацькі.
Андрэй Ранцэвіч:
– У нашай сям’і ўсе любяць спорт. І сёння мы гуляем, мама перажывае на трыбуне. Сын займаецца каратэ, але з задавальненнем выходзіць паганяць мяч з татам. Дзякуй арганізатарам свята за такі цудоўны падарунак.
Ілья Якаўчык:
– Тата Вадзім гуляе за Дзятлаўшчыну ў 2-й лізе чэмпіянату Беларусі па футболе, ганаруся ім. Але і я не адстаю! Гуляю ў футбол з трох гадоў, трэніруюся амаль кожны дзень. Калі спаборнічаем з татам, я атрымліваю перамогу.
Аляксандр Мілевіч:
– Футбол – любімая і шаноўная ў нашай сям’і гульня. Сына Яўгенія пачаў вучыць гуляць, калі яму было тры гады. Часта па выхадных гуляем у футбол адзін на адзін. Цяпер Жэня – шасцікласнік, займаецца ў спартыўнай школе на аддзяленні “футбол” і трэніруецца рэгулярна. Вельмі добрая атрымалася гульня! Усіх татаў віншую з іх “прафесійным” святам. Жадаю шчасця, вялікіх дасягненняў і больш часу бавіць са сваімі дзецьмі – не толькі з сынамі, а і з дачушкамі.
Па завяршэнні футбольнай сустрэчы ўдзельнікаў свята чакалі салодкія пачастункі ад рэспубліканскага саюза моладзі.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga