Дзень работнікаў лесу. Сяргей Дурко: “Рэалізуем грунтоўны інвестыцыйны праект”

Важнае Грамадства

Напярэдадні прафесійнага свята паразмаўлялі з дырэктарам Дзятлаўскага  лясгаса Сяргеем Дурко пра работу з моладдзю, дзяжурства ў спякотнае лета, усенародны “Тыдзень лесу”, і мадэрнізацыю вытворчасці.

– Сяргей Віктаравіч, як склаўся для вас гэты год?

– За 8 месяцаў гэтага года Дзятлаўскі лясгас выканаў усе вытворчыя і асноўныя галіновыя паказчыкі. Лесааднаўленне і лесаразвядзенне было праведзена на плошчы 275,7 га, высечкі догляду ў маладняках – на плошчы 228,9 га, высечкі прамежкавага карыстання – на плошчы 860,4 га. За гэты перыяд нарыхтавана 117,6 тысячы кубаметраў ліквіднай драўніны, вывезена на склады 111,8 тысячы кубаметраў. Сёлета мы павялічылі аб’ём экспарту піламатэрыялаў: экспартавалі прадукцыі ў сяброўскія Беларусі краіны 11 тысяч 640 кубаметраў на 1 мільён 312 тысяч долараў ЗША. Сума выручкі ад рэалізацыі прадукцыі, работ і паслуг  за 8 месяцаў склала 11 мільёнаў 833 тысячы рублёў, тут таксама ідзём з апераджэннем.

– Якія падзеі і дасягненні былі самымі значнымі сёлета?

– Прадаўжаем мадэрнізацыю: сёлета мы набылі комплекс харвестар-“Амкадор-2561”, які нарыхтоўвае за змену каля 100 кубаметраў драўніны. Частку тэхнікі выкарыстоўваем для аказання дапамогі ў распрацоўцы ветравальна-бураломных лесасек на Гомельшчыне, нарыхтаваную драўніну рэалізоўваем. Штомесяц у камандзіроўцы ў Калінкавіцкім і Мазырскім лясгасах знаходзіцца каля 15-20 нашых работнікаў, будзем там да лістапада. Шчырыя словы ўдзячнасці хачу сказаць службе лясной аховы: нягледзячы на спякотнае лета, у лясах Дзятлаўшчыны сёлета не было дапушчана ніводнага пажара. Немалаважную ролю сыграла функцыянаванне сістэмы відэаназірання і ранняга выяўлення пажараў “Лясны вартавы”.

­– Падзяліцеся бліжэйшымі планамі.

–  Пачынаем рэалізацыю грунтоўнага інвестпраекта па будаўніцтве сушыльных камер у дрэваапрацоўчым цэху “Вензавец”. На сёння выбраны інжынерная, праектная арганізацыі, заключаны дагаворы. Да канца года плануем завяршыць усе праектныя работы. З’яўленне трох сушыльных камер дазволіць нам выпускаць прэміяльную прадукцыю з больш высокім дабаўленым коштам, якая карыстаецца павышаным попытам, ажыццяўляць больш поўную загрузку машын. Акрамя таго, сёлета мы закупілі вуглапільны станок “Барс”, які ўстановім у бліжэйшы час. Ён дазволіць перапрацоўваць драўніну дыяметрам 26 сантыметраў і больш. Дзякуючы гэтаму ў вытворчасць будзе дадаткова ўключана 250-300 кубаметраў піламатэрыялаў, ільвіная доля якіх будзе ісці на экспарт.

– Усё больш зацікаўленых далучаецца да акцыі “Тыдзень лесу”. Як яна прайшла сёлета?

– Гэта экалагічная кампанія стала сапраўды ўсенароднай. Мы своечасова ўсіх інфармавалі аб акцыі, жадаючых забяспечылі інвентаром, пасадачным матэрыялам і транспартам. Акрамя нашых першых памочнікаў – сістэмы адукацыі раёна, – удзел у ёй прымалі многія арганізацыі і нашы работнікі ў вольны ад працы час. Усе разам на працягу акцыі пасадзілі каля 100 гектараў лесу. Сімвалічна, што сёлета яна была прысвечана 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. З гэтай нагоды ў райцэнтры каля будынка Дзятлаўскага РАНС быў закладзены ліпавы гай з 80 дрэваў, пры неабходнасці пасадка будзе дапоўнена.

– Хто сёння працуе ў лясной гаспадарцы раёна?

– У нас працуе зладжаны, прафесійны, упэўнены ў заўтрашнім дні калектыў, які здольны вырашаць усе пастаўленыя перад арганізацыяй задачы. За апошнія два гады прыйшлі да нас працаваць і замацаваліся чатыры маладыя спецыялісты, тры студэнты выпускных курсаў праходзяць у нас вытворчую практыку на пасадзе майстроў лесу. Спадзяёмся, яны таксама выберуць Дзятлаўшчыну ў якасці першага месца працы. Падтрымліваем моладзь прадастаўленнем або аплатай жылля і фінансавымі стымуламі. У прафесію работніка лесу прыходзяць людзі, якія шчыра любяць сваю прафесію, патрыёты сваёй справы, якія працуюць у любое надвор’е і час сутак.

– Што пажадаеце калегам?

– Хачу яшчэ раз падзякаваць работнікам лесу за шчырую працу і самаадданасць, ветэранам галіны – за каштоўны вопыт і добры наказ. Заслужаныя ўзнагароды знойдуць сваіх уладальнікаў у прафесійнае свята. Жадаю ўсім моцнага здароўя, удачы, мірнага неба над галавой, дабрабыту ў сем’ях і цудоўнага настрою.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga