Усе сельскагаспадарчыя прадпрыемствы Дзятлаўшчыны прыступілі да ўборкі кукурузы на сілас, каб закласці добры запас на зіму.

У сельскагаспадарчым філіяле “АграМілк” гэтай культуры пасеяна 1627 гектараў, з якіх 500 будзе ўбрана на зерне, астатняя – на корм жывёле.

– Кукуруза дасягнула фазы малочна-васкавой спеласці – гэта аптымальны час для ўборкі на сілас, – расказаў намеснік начальніка СГФ “АграМілк” па вытворчасці Валерый Чапукойць. – На сёння закладзена ў траншэі 2040 тон масы пры плане 28 тысяч тон. Разам з тым прыступаем да ўборкі кукурузы на зерне на палетках, дзе яна ўжо выспела. Уборка кукурузы на сілас вядзецца з прымяненнем кансерванту, які дазволіць павысіць якасць кармоў, палепшыць працэс браджэння і смакавыя якасці.  На ёй задзейнічаны высокапрадукцыйны камбайн “Джон Дзір-8300”, які дае намалот больш за 1000 тон у дзень. На адвозе – сем адзінак транспарту: тры МАЗы і чатыры трактары.

– Мы завяршылі сяўбу азімага рапсу, сёлета павялічылі пасяўныя плошчы да 715 гектараў, – расказаў галоўны аграном гаспадаркі Андрэй Лежань. – Днямі прыступім да сяўбы азімых зерневых культур на плошчы 1500 гектараў. Застанецца завяршыць уборку кукурузы і ўбраць 100 гектараў травы пайзы на насенне. У планах да 7 лістапада цалкам скончыць асеннія палявыя работы.

 

За рулём сельскагаспадарчага волата “Джон Дзір” на ўборцы кукурузы – вопытны механізатар, прадаўжальнік слаўнай дынастыі хлебаробаў Сяргей Пашукевіч. Сам ён вясковы хлопец з Пенчыцаў, у сельскай гаспадарцы раёна працуе без малога 30 гадоў. Пачынаў у часы існавання калгаса “Расія”, які пасля дзвюх рэарганізацый пераўвасобіўся ў сучасны СГФ “АграМілк”. З родных мясцін ішоў служыць у войска, сюды ж вярнуўся да работы на зямлі. Працуе на трактары і вось ужо дзесяць сезонаў – на камбайне.

– Раней быў у мяне “Ягуар”, цяпер “Джон Дзір”, ён магутнейшы за папярэдніка, – з азартам расказвае камбайнер. – Люблю сваю работу, бо, шчыра, іншай я не ведаў і не ўяўляю для сябе. Падабаецца прастор, спакой і добры заробак на сезонных работах. Ды і каманда ў нас выдатная!

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
Нам даверана памяць. “Без тэрміну даўнасці”: гісторыя для дзятлаўчан
Прямая линия

Прямая линия

15 января, 2025
ГрадусПлюс. Гэта немагчыма есці

Похожие публикации