Па тэме з аналітыкай. Заробак у інтэрнэце. Згаджацца?

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Тэма: Прапанаваны ў інтэрнэце заробак не заўсёды бывае законным.

Факт

У наш час існуе шмат спосабаў заробку як афлайн, так і анлайн. У стагоддзе лічбавізацыі не рэдкімі бываюць выпадкі, калі спецыялісты працуюць аддалена ў ІТ-сферы. Гэта і рознічны гандаль таварамі, і кансультаванне, і аказанне адукацыйных, псіхатэрапеўтычных паслугаў, многае іншае.

Праблема

Апошнім часам пачасціліся выпадкі, калі людзям прапаноўваюць хутка, без асаблівых намаганняў, ведаў і ўкладанняў зарабіць істотныя грошы. На жаль, “ільвіная доля” такіх віртуальных прапановаў знаходзіцца па-за законам і пагражае рэальнымі наступствамі.

Слова спецыяліста

Вольга Жыбко, следчы раённага аддзела Следчага камітэта:

– Людзям у сацыяльных сетках і месенджарах прапаноўваюць работу, якая заключаецца ў тым, што чалавеку неабходна перадаць рэквізіты сваіх дзеючых банкаўскіх картак, разліковых рахункаў або завесці іх у банку, а затым за ўзнагароджанне перадаць асобе, якая ажыццяўляе з ім перапіску.

Сустракаецца і такое, што грамадзяніну прапаноўваюць падпрацоўку і просяць паведаміць нумар банкаўскай карткі ці разліковага рахунка, пры гэтым тлумачаць, што туды будуць паступаць розныя грашовыя сумы, якія трэба пераводзіць на рахунак замежнага банка ці абналічваць і таксама класці на рахунак, названы зламыснікам. Звычайна такія сумніўныя прапановы махляр матывуе тым, што яго кампанія самастойна не можа ажыццяўляць пераводы, бо на дадзены момант знаходзіцца ў іншай краіне, а за гэтыя паслугі “работнік” будзе атрымліваць сабе працэнт з кожнай сумы. Людзі, якія згаджаюцца на падобны заробак, часам нават не здагадваюцца, што дапамагаюць кібермахлярам і становяцца так званымі дропамі.

Даведка

Дроп – гэта асоба, ніжэйшае звяно ў схеме кібермахляроў, якая праз выкарыстанне ўласных ці іншых банкаўскіх картак і рахункаў абналічвае крадзеныя грошы ці забяспечвае іх транзіт.

Пакаранне

У Беларусі ўстаноўлена крымінальная адказнасць за ўчыненне падобных дзеянняў. Згодна з артыкулам 222 Крымінальнага кодэкса РБ незаконны абарот сродкаў, плацяжоў, інструментаў пагражае пакараннем ад штрафу да дзесяці гадоў пазбаўлення волі.

Важна

Памятайце, што няведанне закона не пазбаўляе ад адказнасці. Ні пры якіх абставінах не пагаджайцеся на падобныя прапановы. Ведайце: пры прадастаўленні рэквізітаў сваіх банкаўскіх рахункаў і картак махлярам вы становіцеся саўдзельнікамі махлярскіх схем, якія могуць быць скіраваны як на маладых, так і на састарэлых грамадзян.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga