Дзе паставіць коску ў гэтым сказе, калі справа тычыцца дрэваў, якія растуць на вуліцах горада?
Нават сярод жыхароў нашага райцэнтра меркаванні сустракаюцца дыяметральна супрацьлеглыя. Адны лічаць, што дрэвы – гэта прыгажосць і абарона ад гарачага сонца ў спякотны летні дзень, таму спільваць іх нельга ні ў якім разе. Другія пачынаюць ім пярэчыць, маўляў, а хто будзе прыбіраць лісце восенню або наламанае ветрам галлё пасля непагадзі, тым больш што пры моцным шквалістым ветры ёсць рызыка, што вялікія галіны могуць упасці на людзей, жывёлін, тэхніку.
Нядаўна каля стадыёна “Колас” работнікі Дзятлаўскага раёна электрасетак РУП “Гроднаэнерга” спілілі галіны на старых дрэвах. Пакуль што ствалы стаяць “голыя”. Па каментарыі наконт гэтай “падзеі” мы звярнуліся да кіраўнікоў адказных службаў.
Васіль Пяцюк, дырэктар Дзятлаўскага РУП ЖКГ:
– Як правіла, пры выдаленні аб’ектаў расліннага свету эколаг Дзятлаўскага РУП ЖКГ ацэньвае іх і дае заключэнне аб аварыйнасці такіх дрэваў ці хмызнякоў.
У выпадку з дрэвамі ў лакацыі стадыёна “Колас” іх спілоўванне не было ўзгоднена з камунгасам. У перыяд вегетацыі поўнасцю зрэзаны кроны. Далейшая перспектыва выжывання гэтых аб’ектаў расліннага свету цяпер знаходзіцца пад пагрозай. Праводзіцца разбіральніцтва з Дзятлаўскім раёнам электрасетак для высвятлення асоб, якія ўчынілі гэтыя дзеянні, і вызначэння далейшых перспектыў. Потым будзе прынята рашэнне наконт неабходнасці поўнага выдалення гэтых дрэваў і кампенсацыйнага высаджвання маладых, але за чый кошт гэта будзе зроблена, пакуль невядома. Трэба ўстанавіць усе абставіны, прычыны і ўмовы спілоўвання. Падкрэслю, што найперш такія дзеянні павінны былі ўзгадняцца з Дзятлаўскім РУП ЖКГ.
Міхаіл Ступчык, начальнік Дзятлаўскага раёна электрасетак РУП “Гроднаэнерга”:
– Згодна са шматгадовым графікам рамонту электраабсталявання Дзятлаўскага раёна, зацверджаным галоўным інжынерам Ваўкавыскіх электрасетак, у ліпені 2024 года выконваўся капітальны рамонт закрытай трансфарматарнай падстанцыі № 1 горада Дзятлава і адыходзячых ліній 0,4 кВ.
У пералік работ па рамонце паветраных ліній электраперадачы ўваходзіць абрэзка крон дрэваў. Работы выконваліся на ўсіх лініях, у тым ліку на тых, што забяспечваюць электразабеспячэнне стадыёна “Колас” і вулічнага асвятлення па вуліцы Перамогі да скрыжавання з вуліцай Міцкевіча.
Згодна з пунктам 4а “Правілаў аховы электрычных сетак да 1000 В” пасадка і высечка дрэваў у ахоўнай зоне лініі (па 2 метры з кожнага боку) забаронена.
Пры выкананні работ узнікла неабходнасць абрэзкі крон дрэваў, якія знаходзяцца непасрэдна пад правадамі паветраных ліній. З улікам вопыту Дзятлаўскага РУП ЖКГ па абрэзцы аналагічных дрэваў уздоўж стадыёна майстрам было прынята рашэнне максімальнай абрэзкі галін для таго, каб у далейшым фарміраваліся сіметрычныя кроны.
Наталля Маліноўская, дырэктар Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці:
– Раз дрэвы ўздоўж стадыёна абпілавалі, значыць, так было трэба. Упэўнена, што на наступны год на іх вырастуць новыя галінкі і будуць радаваць нас свежай зелянінай. Затое цяпер адкрыўся агляд на стадыён “Колас”, лепш відаць, што там адбываецца. Падобная абрэзка тут робіцца не першы раз. Усё вырастала і раней.
Наталля Венская, жыхарка горада Дзятлава:
– Я часта бываю ў гэтым мікрараёне, таму ведала, што дрэвы тут падразалі і раней. Яны хутка адрастаюць і набываюць свой звычайны выгляд. Мяркую, і на гэты раз мы нават не заўважым, як вырастуць новыя галіны.
Васіль Белавус, жыхар горада Дзятлава:
– Каб рашэнне залежала ад мяне, то зрэзаў бы ўсе гэтыя дрэвы поўнасцю, такая прафілактычная абрэзка псуе выгляд. Тым больш што на гэтай вуліцы, па другі бок дарогі, ужо растуць прыгожыя вялікія дрэвы, побач – парк. На гэтых жа галіны застаюцца рэдкімі, усё роўна падае лісце, думаю, найлепш іх поўнасцю ўбраць. Наколькі памятаю, да гэтага адзін рад дрэваў тут ужо спілавалі.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga