У Жукоўшчынскім сельскім савеце пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама Вадзіма Бяляткі з удзелам спецыялістаў адказных службаў, старшыні сельвыканкама Івана Свіба, насельніцтва прайшоў сельскі сход па пытаннях бяспекі жыццядзейнасці, папярэджання надзвычайных сітуацый, гібелі людзей на іх.
Начальнік Дзятлаўскага РАНС Сяргей Казушчык азнаёміў прысутных з лічбамі статыстыкі. З пачатку гэтага года на Дзятлаўшчыне адбылося 20 пажараў, загінулі 3 чалавекі (ва ўсіх выпадках – з-за неасцярожнага абыходжання з агнём пры курэнні). Сяргей Сяргеевіч заклікаў жыхароў звяртаць увагу на блізкіх і суседзяў, асабліва тых, хто вядзе асацыяльны лад жыцця і падвяргае небяспецы не толькі сябе, але і іншых. Ён параіў у жылых пакоях устанаўліваць аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі, якія ўратавалі ўжо не адно жыццё. Нагадаў ратаўнік пра бяспеку на вадзе, што купанне ў раёне дазволена толькі на пляжах у Дзятлаве і санаторыи “Радон”. Пры наведванні лясоў параіў праверыць у мабільным дадатку “Дапамога побач”, ці няма для гэтага абмежавання або ўвогуле забароны, расказаў, што рабіць, калі заблукалі. Не абышоў увагай рэспубліканскую прафілактычную акцыю “Канікулы без дыму і агню”, скіраваную на навучанне дзяцей правілам бяспекі жыццядзейнасці, папрасіў дарослых часцей звяртацца да падобных тэмаў, прагаворваць з непаўналетнімі, як варта сябе паводзіць.
Дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна Таццяна Нікіпорчык зазначыла, што з боку дзяржавы робіцца шмат, каб састарэлыя грамадзяне і іншыя ўразлівыя катэгорыі насельніцтва адчувалі падтрымку. Яна параіла жыхарам звяртацца па паслугі сацыяльных работнікаў для сваіх пажылых членаў сям’і, якія жывуць адзінока. Патлумачыла змяненні ў заканадаўстве, якімі прапісана, што ў бальніцах сястрынскага догляду нямоглыя людзі змогуць знаходзіцца не больш за 180 каляндарных дзён на год. Узамен для працуючых членаў сям’і парэкамендавала карыстацца сацыяльнымі паслугамі сядзелкі.
Як дэлегат сёмага Усебеларускага народнага сходу Таццяна Нікіпорчык расказала аб рабоце форуму, разгледжаных на ім пытаннях, дасягненнях нашай дзяржавы за гады незалежнасці.
Галоўны спецыяліст аддзела адукацыі райвыканкама Алена Чайкоўская спынілася на стварэнні бяспечных умоваў для непаўналетніх дома, на дваровых тэрыторыях, у месцах гульняў і адпачынку, у інтэрнэце. Расказала яна і пра парадак прызнання дзяцей у сацыяльна ненадзейным становішчы, рабоце з такімі непаўналетнімі і іх сем’ямі, узгадала пра больш частыя правапарушэнні, якія ўчыняюць падлеткі нашага раёна, заклікала дарослых наладжваць даверлівыя адносіны са сваімі дзецьмі.
Правілы абыходжання з газавым абсталяваннем у побыце нагадаў начальнік Дзятлаўскага раёна газазабеспячэння Юрый Ганчар. Закрануў тэму тэрміну прыдатнасці, дыягностыкі газавых прыбораў, расказаў, што пры неабходнасці набыць новыя нават з растэрміноўкай можна, звярнуўшыся ў раён газазабеспячэння.
Падводзячы вынікі сустрэчы, Вадзім Бялятка адзначыў, што кожны чалавек асабіста нясе адказнасць за пажарную бяспеку ў сваім домаўладанні, разам з тым намеснік старшыні заклікаў быць нераўнадушнымі і да іншых землякоў, не праходзіць міма чужой бяды, часцей наведваць нямоглых пажылых суседзяў, пры неабходнасці інфармаваць адказныя службы аб іх праблемах. Нагадаў Вадзім Аляксандравіч і пра бяспеку ў інтэрнэт-прасторы, дзе лайкі і падпіскі на экстрэмісцкія каналы вядуць да адміністрацыйнай адказнасці.
Напрыканцы ўдзельнікі сходу прагледзелі прафілактычны відэаролік аб бяспечных паводзінах на вадзе.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga