Большы аб’ём – меншымі выдаткамі, без страты якасці

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Такую формулу поспеху вывелі аграрыі Дзятлаўшчыны ў час штогадовага агляду-конкурсу пасеваў сельскагаспадарчых культур. Мерапрыемства прадоўжыцца два дні і ахопіць усе сельгаспрадпрыемствы раёна.

Сёлета ўборачныя плошчы ў васьмі гаспадарках складаюць 17292 гектары: азімая пшаніца – 5290 га, азімая трыцікале – 4339 га, азімае жыта – 775 га, азімы ячмень – 1525 га, яравая пшаніца – 1621 га, яравы ячмень – 2108 га, яравы авёс – 236 га, грэчка – 163 га, зернебабовыя культуры – 1225 га, азімага рапсу – 3222 га.

Традыцыйна агляд пасеваў праходзіць з удзелам намесніка старшыні райвыканкама – начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталія Шулейкі, спецыялістаў упраўлення сельскай гаспадаркі, землеўпарадкавальнай службы, раённых інспекцый па насенняводстве, каранціне і абароне раслін, прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, кіраўнікі і галоўныя аграномы сельгаспрадпрыемстваў раёна.

У першы дзень камісія наведала КСУП “Жукоўшчына”, СГФ “АграМілк”, КСУП “Хвінявічы”, ТАА “РоданАграПол”. Ацэньваліся стан пасеваў, выкананне нормы высеву, аптымальнай гушчыні, унясенне мінеральных угнаенняў, правядзенне хімахоўных работ, узворванне і ўцягванне ў гаспадарчы абарот патэнцыйна ўрадлівых і пустуючых земляў, якія прылягаюць да сельскагаспадарчых аб’ектаў, якасць сяўбы і іншыя аспекты.

– Штогадовы агляд-конкурс пасеваў праводзіцца для таго, каб вызначыць вопытным шляхам, якія падыходы да пасеву культур і якія іх гатункі найлепш зарэкамендавалі сябе на землях нашага раёна, як выкананне тэхналогіі ўплывае на канчатковы вынік. Розныя прадпрыемствы маюць неаднолькавыя фінансавыя магчымасці, таму кожнае з іх карыстаецца сваёй схемай вырошчвання сельгаскультур, – адзначыў Віталій Шулейка. 

Па словах Віталія Тадэвушавіча, такія сустрэчы каштоўныя для галоўных аграномаў сельгаспрадпрыемстваў у плане абмену вопытам і ведамі. Кожны з іх у час конкурсу дзеліцца сваёй тактыкай, тым, якія сродкі выкарыстоўваліся, а вынік камісія бачыць непасрэдна на полі.

У час сустрэчы прадстаўнікі гаспадарак не толькі абмеркавалі надзённыя справы, абмяняліся прагрэсіўным вопытам па вырошчванні сельскагаспадарчых культур, але і вызначылі, куды рухацца далей у вырошчванні прадукцыі раслінаводства.

Прызёры, а таксама лідары ў кожнай з намінацый агляду-конкурсу будуць адзначаны дыпломамі і грашовымі прэміямі.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga