Тэма: СМС-абвестка грамадзян для яўкі ў ваенны камісарыят зацверджана заканадаўствам
Факт
У Міністэрстве абароны Рэспублікі Беларусь растлумачылі змяненні заканадаўства, якія датычацца СМС-абвесткі для яўкі ў ваенны камісарыят. Цяпер грамадзяне могуць атрымліваць паведамленні аб тым, што ім неабходна прыбыць у ваенны камісарыят, праз сэрвіс кароткіх паведамленняў. СМС-паведамленні стануць дадатковым каналам абвесткі, а ранейшы спосаб інфармавання аб яўцы “праз павестку” па-ранейшаму застанецца асноўным.
Нагадаем, што ў закон Рэспублікі Беларусь “Аб воінскім абавязку і воінскай службе” былі ўнесены змяненні, у тым ліку тыя, што тычацца абвесткі грамадзян для яўкі ў ваеныя камісарыяты. Выкарыстанне для гэтага СМС-паведамленняў – распаўсюджаная ва ўсім свеце практыка, галоўныя перавагі якой – зручнасць, аператыўнасць, даступнасць.
Як “працуе” новаўвядзенне?
Аператар сувязі кожнаму ваеннаму камісарыяту прысвоіў так званае альфа-імя. Яно будзе пазначана ў графе “адпраўнік”. На афіцыйным сайце Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь можна азнаёміцца са спісам альфа-імёнаў, прысвоеных ваенкаматам розных рэгіёнаў нашай краіны.
Звярніце ўвагу на тое, што СМС-паведамленне ваеннага камісарыята павінна змяшчаць наступную інфармацыю: час і дата яўкі, яе мэта, адрас, куды трэба прыбыць грамадзяніну, а таксама тэлефон для даведак.
Слова спецыяліста
Генадзь Суравец, ваенны камісар Дзятлаўскага раёна:
– Неабходнасць апавяшчэння ваеннаабавязаных грамадзян праз СМС-паведамленні прыспела з-за таго, што не заўжды ўдаецца павесткай праінфармаваць іх па месцы жыхарства ці работы, бо некаторыя ваеннаабавязаныя знаходзяцца за межамі раёна, працуюць вахтавым метадам, а бывае і за межамі Беларусі. У такім выпадку СМС-паведамленне – адзіны прыдатны спосаб абвесткі.
Атрыманне СМС будзе абавязкова пацвярджацца дакументальна – павесткай, якую будзем выдаваць чалавеку ў дзень прыбыцця ў ваенны камісарыят, каб ён меў пацвярджэнне для наймальніка.
Калі ж ваеннаабавязаны па аб’ектыўных прычынах не атрымае СМС-паведамлення і своечасова не прыбудзе на пункт збору, то яму давядзецца пацвердзіць, што прычына няяўкі была ўважлівай.
Ваенным камісарыятам Гродзенскай вобласці заключаны дагавор з аператарам сувязі “МТС” і абвестка будзе ажыццяўляцца менавіта ў выглядзе рассылкі МТС адрасатам. Аператару будуць прадастаўляцца спісы прозвішчў, імёнаў і імёнаў па бацьку ваеннаабавязаных, якія належаць абвестцы, нумары іх мабільных тэлефонаў. Калі на такога грамадзяніна зарэгістравана некалькі нумароў, то СМС-паведамленні прыйдуць на кожны з іх.
Апрабацыю новай формы абвесткі плануецца ажыццявіць у бліжэйшай перспектыве.
Будзьце асабліва ўважлівыя
Міністэрства абароны падкрэслівае, што такое СМС-паведамленне не змяшчае спасылак і не патрабуе адказу.
Асабістыя або пашпартныя даныя па тэлефоне ваенкамат ніколі не запытвае.
Нагадваем, што выклік у ваенны камісарыят, у якой бы форме ён ні прыйшоў, можа мець розныя мэты: ад удакладнення звестак воінскага ўліку ваеннаабавязанага да мерапрыемстваў мабілізацыйнай падрыхтоўкі. У любым выпадку прыбыць варта ў вызначаны час.
За няяўку па павестцы, як і раней, прадугледжана адміністрацыйная адказнасць.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga