Сустрэчы з працоўнымі калектывамі і насельніцтвам прадаўжаюць кіраўніцтва Дзятлаўскага раёна і дэпутацкі корпус.
Дзятлаўчанам расказваюць аб асаблівасцях электаральнай кампаніі 2024 года і выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця нашага раёна за мінулы год.
З насельніцтвам Дварэцкага сельскага савета сустрэліся старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі і начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Вольга Рагачова.
– У час выбарчай кампаніі будуць абраны 110 дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, 13 з якіх – ад Прынёманскага рэгіёна, 60 дэпутатаў Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў, 25 – Дзятлаўскага раённага Савета, а ў ваш мясцовы Дварэцкі Савет – 9 дэпутатаў, – адзначыў Аляксандр Бараноўскі.
З новаўвядзеннямі выбарчага кодэксу і асаблівасцямі выбараў-2024 больш падрабязна прысутных азнаёміла Вольга Рагачова. Падкрэсліла, што цяпер мы знаходзімся на этапе вылучэння кандыдатаў у дэпутаты, які завершыцца ўжо 15 студзеня, а з 31 студзеня па 24 лютага будзе праходзіць прадвыбарчая агітацыя. 25 лютага адбудзецца адзіны дзень галасавання. Кожны з выбаршчыкаў сельскай мясцовасці пры галасаванні атрымае па 4 бюлетэні з імёнамі кандыдатаў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, абласны, раённы і мясцовы Саветы дэпутатаў.
Напрыканцы сустрэчы Аляксандр Бараноўскі азнаёміў прысутных з асноўнымі паказчыкамі сацыяльна-эканамічнага развіцця нашага раёна ў 2023 годзе і падкрэсліў, што эканоміка Дзятлаўшчыны спрацавала паспяхова.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga