За пагрозы па СМС, у сацыяльных сетках і месенджарах могуць прыцягнуць да крымінальнай адказнасці?
Адказвае ўчастковы інспектар АУС райвыканкама Віталій Грышук:
– Паводле артыкула 186 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь да пагрозы адносяцца наступныя формы: пагроза забойствам, нанясеннем цялесных пашкоджанняў або псаваннем маёмасці. Пры ўмове, што вышэйпералічаныя дзеянні маюць падставу ажыццявіцца.
Якое пакаранне чакае агрэсара? Штраф, папраўчыя работы тэрмінам да 1 года або арышт да 6 месяцаў. Таксама можна спагнаць грашовую кампенсацыю за нанясенне маральнай шкоды згодна з ч.1 арт. 152 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Калі вы атрымалі СМС, паведамленні ў сацыяльных сетках і месенджарах з пагрозамі, якіх варта баяцца, памятайце, што гэта доказы, згодна з ч.1 арт. 178 Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Для абароны пацярпеламу неабходна напісаць заяву ў міліцыю ці пракуратуру з прадастаўленнем доказаў, па якіх будзе праведзена праверка.
Калі вы ведаеце імя крыўдзіцеля, заява пішацца ў дачыненні да гэтай асобы. Калі пагрозы прыходзяць ад невядомага, міліцыя пачне праверачныя мерапрыемствы.
Ірына КАМАРОВА
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga