На павестцы – пытанні якасці

Важнае Улада

Наступствы стыхіі, здарэнне на дарозе, тэмпы ўборкі сельгаскультур, рамонтныя работы, рэалізацыя праекта па стварэнні музея побыту і іншыя тэмы абмеркавалі на штотыднёвай нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.

Непагадзь дадала клопатаў

У выхадныя дні стыхія ўсхапілася не на жарт: ураганны вецер перыядычна суправаджаўся дажджом і градам. З-за моцнага ветру, парывы якога дасягалі 24 метраў у секунду, з 7 па 9 кастрычніка на тэрыторыі Гродзенскай вобласці зафіксавана 93 выпадкі падзення дрэваў.

У Дзятлаўскім раёне ў вёсцы Лагуны Вензавецкага сельсавета дрэва ўпала на жылы дом пенсіянеркі. Гаспадыня не пацярпела. Ратаўнікі аператыўна аказалі дапамогу, распілавалі дрэва, знялі яго з даху, прыбралі галіны.

Усяго 11 разоў выязджалі супрацоўнікі Дзятлаўскага РАНС на распілоўку і ўборку дрэваў, якія не вытрымалі націску ветру. Таксама ў раёне пацярпелі дахі некаторых сельскагаспадарчых будынкаў.

Старшыня райвыканкама даў загад у бліжэйшыя два тыдні правесці работы па ліквідацыі наступстваў прыроднага катаклізму і навесці парадак.

Не раз’ехаліся

У мінулую пятніцу дарожна-транспартнае здарэнне адбылося каля вёскі Засецце. А палове дзявятай гадзіны вечара пры сустрэчным раз’ездзе вадзіцель легкавога аўтамабіля, жыхар горада Ліды, учыніў наезд на веласіпедыстку, якая рухалася ў тым жа напрамку. Жанчына атрымала цяжкія цялесныя пашкоджанні і знаходзіцца ў бальніцы. Як патлумачыў першы намеснік начальніка аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Дзяніс Аўраменкаў, пацярпелая, таксама жыхарка Ліды, сюды прыехала па грыбы. Жанчына рухалася па краі праезнай часткі, пры тым, што па левым баку дарогі прадугледжана пешаходная дарожка.

Дзяніс Юр’евіч адзначыў, што ніхто не застрахаваны ад дарожных аварый, аднак выконваючы элементарныя правілы бяспечных паводзінаў на дарозе, тым больш у цёмны час сутак (насіць флікеры і камізэлькі павышанай бачнасці; кіраваць веласіпедам з уключанымі фарамі; пераходзіць дарогу, пераконваючыся ў бяспецы пераходу; выконваць правілы праезду пешаходных пераходаў і г. д.), можна абараніць сябе і сваіх блізкіх ад трагедыі.

Надзея на сяло

Размова на сельскагаспадарчую тэматыку сышлася да аднаго – пытанне якасці выконваемых работ выйшла на першы план. Кіраўнік раёна заўважыў, што парушэнне тэхналагічных тэрмінаў у рабоце аграрыяў і тэхналагічных правілаў па кармленні і доглядзе жывёлы прыводзяць да стратаў ва ўсіх вытворчых працэсах. Андрэй Уладзіміравіч паставіў задачу нарасціць тэмпы па ўборцы ўсіх відаў сельскагаспадарчых культур, якія яшчэ засталіся на палях нашых прадпрыемстваў, а таксама на бягучым тыдні падвесці прамежкавыя вынікі па жывёлагадоўлі.

Іншыя тэмы коратка

У вёсцы Малдавічы плануецца стварыць музей побыту. Зараз вядзецца распрацоўка галоўнай канцэпцыі будучай музейнай экспазіцыі.

****

178 юнакоў і дзяўчат папрацавалі ў студатрадах раёна ў гэтым сезоне, які падыходзіць да свайго завяршэння. Задзейнічана была моладзь на відавой праполцы, ва ўборачнай кампаніі, на пераборцы бульбы ў сельгаспрадпрыемствах, а таксама ў жыллёва-камунальнай сферы.

****

Да Дня маці, які адзначаецца ў нашай краіне 14 кастрычніка, на Дзятлаўшчыне пройдзе шмат тэматычных мерапрыемстваў, традыцыйны канцэрт-віншаванне. Усіх мам будуць ушаноўваць у працоўных калектывах. Завяршальным акордам стане сустрэча кіраўніцтва раёна, старшыняў грамадскіх аб’яднанняў са шматдзетнымі матулямі і якія выхоўваюць прыёмных дзяцей.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: