Мой тэлефон час ад часу сам робіць падборку рэкамендаваных навінаў.
Нядаўнія загалоўкі навялі на цікавыя развагі.
“Больш за 70 мінчан з пачатку верасня перавялі аплату за камуналку махлярам”. І тут, мяркую, вы разам са мной толькі ўздыхняце з думкай: ну колькі ўжо можна папярэджваць на гэту тэму?.. Так-то яно так, але ўсё адно знаходзяцца людзі, якія па няведанні, разгубленасці ці спешцы спрабуюць аплаціць камунальныя плацяжы не праз спецыяльны банкаўскі дадатак (на сёння гэта адзіны бяспечны спосаб аплаты праз інтэрнэт), а робяць гэта проста з браўзера, трапляюць на падстаўны сайт, а там па наладжанай схеме ў імгненне вока грошы “ўцякаюць” з карткі ў невядомым напрамку – шукай-блукай. Нават мая калега на пачатку года так спяшалася разлічыцца з камунальнымі службамі, што страціла ўвесь аванс за секунды. Праўда, у гэтым выпадку хочацца сказаць шмат добрых словаў на адрас нашага Следчага камітэта: справа была расследавана, зламыснікі знойдзены і пакараны па законе. Але лепш не выпрабоўваць здольнасці праваахоўных органаў і сваю ўдачу, іншым разам можа і не пашчасціць.
Не паспяваю “пераварыць” навіну з камуналкай, як з архіва ўсплывае іншая: “Гамяльчанка перавяла “англійскаму доктару” ў Самалі больш за 60 тысяч рублёў”. Зрабіла гэта добраахвотна, каб дапамагчы свайму віртуальнаму кавалеру ў бядотным становішчы. Для гэтага сабрала ўсе ўласныя зберажэнні яшчэ і крэдыт узяла. Каханне яно такое…
Шаноўных прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва загадзя перасцерагу ад асуджэння і скепсісу, маўляў, ну як можна быць такой недальнабачнай, мы дакладна на такое не патрапім!.. І, разам з тым, кожная другая або першая з нас, хто мае адкрыты акаўнт у Instagram, ВКонтакте, Одноклассники, час ад часу выкладвае свае лепшыя фота ці сэлфі, з заміраннем сэрца чакаючы лайкаў і каментарыяў з пацвярджэннем – ты ўсё яшчэ прыгажуня, бясспрэчна! Тады ўжо няважна, замужам ці не, добрыя словы пішуць знаёмыя ці наадварот – загадкавыя незнаёмцы. А яны яшчэ як пішуць! Харызматычныя, замежныя, абавязкова статныя, са знешнасцю ледзь не Ален Дэлона. І гэты прынц паўжыцця пакутаваў, пакуль не знайшоў цябе, такую адзіную і непаўторную. Па законе жанру ў хуткім часе ў мачо “намалююцца” праблемы з блізкімі, законам або яшчэ нечым і спатрэбіцца фінансавая дапамога віртуальнай сяброўкі. А тая, як чалавек шырокай душы, будзе шукаць спосабы дапамагчы.
Уся спраектаваная мной гісторыя падобна на нейкі фарс, што ніколі не стане рэальнасцю. Можа і так, калі б не адна акалічнасць: заходзіш на старонку да такога “прынца”, а ў яго падпісчыках з дзясятак тваіх знаёмых, кожная – адзіная і непаўторная, як тая гамяльчанка.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga