Куды “прыехала” новая Geely?

Важнае Улада

Ва ўрачыстай абстаноўцы ключы ад аўтамабіля Geely айчыннай вытворчасці старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі ўручыў старшыні Дварэцкага сельскага выканаўчага камітэта Веры Добыш.

Падзея гэта прыемна супала з днём нараджэння Веры Анатольеўны, а таму “абноўка” для сельвыканкама яшчэ больш узняла настрой імянінніцы, а шчырыя і цёплыя пажаданні дадалі станоўчых эмоцый.

– У саставе Дварэцкага сельскага савета аж 43 населеныя пункты, ён самы вялікі ў раёне, бо аб’яднаў адразу тры адміністрацыйныя адзінкі: Дварэцкі, частку Раготнаўскага і былы Мяляхавіцкі сельскія саветы, – адзначыў Аляксандр Станіслававіч. – Таму без надзейнага аўтамабіля, як усе мы разумеем, пераадольваць такія значныя адлегласці, паўсюль паспяваць, своечасова сустракацца з насельніцтвам па месцы жыхарства проста немагчыма, ды і дастаўляць да аб’ектаў добраўпарадкавання работнікаў зялёнага будаўніцтва таксама неабходна. З улікам гэтага і было прынята рашэнне набыць для сельвыканкама новую машыну, бо старая была ўжо ў амаль непрыдатным стане.

Дарэчы, за тры апошнія гады гэта чацвёрты аўтамабіль, набыты для старшыняў сельскіх выканаўчых камітэтаў Дзятлаўшчыны, як удакладніў Аляксандр Бараноўскі. Крыху раней іх атрымалі Жукоўшчынскі, Парэцкі, Вензавецкі сельвыканкамы. Гэта стала магчымым, у першую чаргу, дзякуючы старшыні раённага выканаўчага камітэта Андрэю Садоўскаму, а таксама паспяховай рабоце эканомікі раёна, бо аўто набыта за сродкі раённага бюджэту.

– Варта адзначыць, што ў рабоце Веры Анатольеўны і яе калектыву па навядзенні парадку на зямлі нямала станоўчых момантаў, – заключыў старшыня раённага Савета дэпутатаў. – Цяпер яна стала яшчэ больш мабільнай, упэўнены, што гэта таксама паспрыяе працоўным поспехам. Мне прыемна жадаць іх імянінніцы, як і доўгіх гадоў жыцця, шчасця, дабрабыту і мірнага неба над галавой.

– Вельмі ўдзячна за цёплыя пажаданні, за новы аўтамабіль і Андрэю Уладзіміравічу Садоўскаму, і Аляксандру Станіслававічу Бараноўскаму, – падзякавала Вера Добыш. – Падтрымка для мяне сапраўды значная, бо адлегласці да населеных пунктаў сельсавета вялікія, ёсць і па 20, і па 30 кіламетраў, а тэлефануюць нам жыхары ўсіх вёсак, даводзіцца вырашаць іх праблемы. Асабіста для мяне гэта сюрпрыз. Моманты такія лічу самымі шчаслівымі ў працоўным жыцці, бо новая машына дадае новых сілаў, а дарога да пунктаў прызначэння становіцца больш прыемнай, хуткай і камфортнай.

Ірына СТЫРНІК  

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: