З пашанай – да людзей працы

Галоўнае Эканоміка і сельская гаспадарка

13 ліпеня Дзятлаўшчыну з рабочым візітам наведала старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых установаў Тамара Стасевіч.

Яна сустрэлася са старшынёй райвыканкама Андрэем Садоўскім, кіраўніком раённага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых установаў, намеснікам старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Святланай Залучан, прадстаўнікамі пярвічных прафсаюзных арганізацый галіновага прафсаюза.

У ходзе сустрэчы прафсаюзны актыў падвёў вынікі работы за першае паўгоддзе 2023 года, вызначыў перспектыўныя напрамкі дзейнасці.

На павестцы дня значыліся пытанні захавання ўнутрыпрафсаюзнай дысцыпліны, аздараўленне, узаемадзеянне з органамі ўлады, выкананне нормаў дзеючага заканадаўства.

Тамара Іосіфаўна наведала палеткі СГФ “АграМілк”, дзе ўбіраюць азімы ячмень, сустрэлася з механізатарамі, занятымі на жніве-2023.

– Усяго ў раёне патрэбна сабраць азімы ячмень з 589 гектараў пасяўных плошчаў, 200 з якіх – у СГФ “АграМілк”. На сёння гаспадарка амаль цалкам справілася са сваёй задачай, знаходзіцца ў лідарах па ўраджайнасці сярод сельгаспрадпрыемстваў раёна, – расказвае пра ход уборачнай кампаніі начальнік сельскагаспадарчага філіяла Аляксандр Грынкевіч.

Абласны прафсаюзны лідар падзякавала за плённую працу камбайнеру Яўгену Ярмашу, які працуе ў гаспадарцы больш за 30 гадоў, і памочніку камбайнера Уладзіміру Малаеду, уручыла каштоўны падарунак.

Сам Яўген Уладзіміравіч – ветэран сельскай гаспадаркі. На збожжаўборачным камбайне “МЕГА-208” ён працуе 21-ы сезон. Тэхніка не новая, 2002 года выпуску, але надзейная. Тры гады запар экіпаж у лідарах на жніве ў гэтым класе камбайнаў.

Начальства цэніць яго няспешную грунтоўную працу, вернасць традыцыям. Сваю “тысячу” збожжа камбайнер намалочвае штогод, а яго “МЕГА”, якая стала рарытэтам не толькі ў вобласці, але і ў рэспубліцы, верна служыць і добра паказвае сябе. Такога памочніка мужчына не прамяняе ні на якія тэхнічныя навінкі.

– Колькі будзе ў нас працаваць Яўген Уладзіміравіч, столькі і яго камбайн, – адзначыў Аляксандр Грынкевіч.

А госці з абласной прафсаюзнай арганізацыі пажадалі аграрыям гаспадаркі правесці яшчэ шмат выніковых сезонаў.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga