Любімы горад, красуй у стагоддзях. Дзятлаву – 525! Вуліцы мястэчка

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Працягваем падарожнічаць па вуліцах нашага цудоўнага гарадка.

Вуліца Чырвонаармейская. Адразу злева, дзе цяпер вуліца Набярэжная, у 30-я гады ХХ ст. знаходзіўся млын Бурдуна. Усяго ў Дзятлаве на рэчцы стаяла тры млыны. Два другія – ніжэй па цячэнню. Адзін, які належаў жанчыне, па прозвішчу Чэрня, стаяў прыкладна там, дзе вуліца Камсамольская перасякае рэчку. Тут было возера. Яшчэ ніжэй знаходзіўся млын Шумскага. Але, відаць, патрэба ў млынах заставалася, таму з’явіўся чацвёрты млын. Ён размяшчаўся насупраць ДРБУ-119, працаваў ад лакамабіля. Належаў Лявошку.


Фота 2006 г.

Па левым баку вуліцы знаходзіцца дом № 19. У 30-я гады некаторы час тут размяшчалася мэрыя, ці гарадская ўправа, мястэчка.
Мэрам быў Брадовіч. Потым святар Камар адкупіў гэты дом пад царкоўную маёмасць. Мэрыя перабралася крыху далей па гэтай вуліцы, на другі бок, дзе цяпер стаіць дом № 26. Там жа , на пляцы знаходзіўся лакамабіль, які выпрацоўваў электраэнергію. Усяго ў Дзятлаве было тры лакамабілі, якія давалі святло. На адзін дом прызначалася адна лямпачка. Святло падавалася да 12 гадзін ночы.
Справа па вуліцы, насупраць царквы, у пачатку 2000-х гадоў стаяў невялікі домік. Там была малочная кухня для немаўлят. А ў 30-я гады ХХ ст. ў доміку знаходзіўся магазін знакамітай чэхаславацкай фірмы «Бата». У магазіне гандлявалі абуткам. Такія магазіны былі ва ўсіх гарадах і мястэчках Беларусі. Будынак не збярогся.

Фота 2006 г.

Былы будынак Дома дзіцячай і юнацкай творчасці, цяпер уласнасць аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Дзятлаўскага райвыканкама. У гады вайны 1941-1945 гадоў размяшчаўся штаб Камінскага, які камандаваў часцямі Рускай вызваленчай народнай арміі. Яна ваявала на баку немцаў. Пасля вайны некаторы час знаходзіўся дзіцячы дом для немаўлят.

Царква. ХVIII ст. м. Дзятлава. Фота пач. ХХ ст.

Свята-Прэабражэнская царква. На плане мястэчка Дзятлава 1848 года пазначана як грэка-ўніяцкая. Пабудавана ў 1508 годзе князем Канстанцінам Астрожскім. Праз 400 гадоў першы будынак царквы разбурыўся ад часу. На яго месцы быў пабудаваны часовы будынак, які стаіць і цяпер. А на вялікую мураваную царкву пачалі рыхтаваць праектна-сметную дакументацыю. Чарцяжы задуманай царквы ёсць у фондах Дзятлаўскага музея. Але справу давесці да канца ў пачатку ХХ ст. не ўдалося. Пачалася першая сусветная вайна. Толькі ў 1938 годзе, пад кіраўніцтвам інжынера Маціеўскага, пачалі заліваць падмурак пад спраектаваную царкву. На гэты раз будаўніцтву перашкодзіла другая сусветная вайна.
Цікавымі ўспамінамі пра гэта будаўніцтва падзяліўся жыхар Дзятлава Белавус І.І., які працаваў у той час рабочым. Калі яны капалі катлаван пад падмурак, то раптам натыкнуліся на нешта цвёрдае. Прабілі. Далей пустата. Выклікалі з Навагрудка інжынера Маціеўскага з картамі. Той паглядзеў і сказаў, што гэта падземны ход, які вядзе з палаца да касцёла і далей. Сценка падземнага хода была зроблена з вапны, але была вельмі цвёрдая. Гавораць, што старажытныя майстры дабаўлялі ў раствор жаўткі яек, што надавала вапне такія якасці. Дарэчы, сярод жыхароў Дзятлава з пакалення ў пакаленне перадаюцца паданні пра падземныя хады паміж касцёлам, капліцай і палацам. Інжынер загадаў дзірку ўмацаваць і заліць бетонам. Для гэтага нават з Наваельні на конях прывезлі чыгуначныя рэйкі.

Фота 2006 г.

За царквой, па вуліцы Перамогі, дом №10. Надпіс на шыльдзе «Дзятлаўская дзіцячая школа мастацтваў». Дом быў пабудаваны прыкладна ў 1928-1933 гадах на сродкі насельніцтва пад школу. Школа была сямігадовай. Навучанне вялося на польскай мове. У 1940 годзе польская школа стала беларускай.

Фота 2006 г.

Побач дом №8. У сярэдзіне ХIХ стагоддзя ён быў пабудаваны для царкоўнапрыходскай школы. У ХХ стагоддзі доўгі час у гэтым доме размяшчалася санэпідэмічная станцыя. Дом страціў свой першапачатковы выгляд пры капітальным рамонце.

Малюнак Н.Орды. ХIХ ст.

Палац Радзівілаў – пабудаваны ў 1751 годзе па фундацыі Мікалая Фаўстына і Станіслава Радзівілаў. Потым належаў Солтанам. За ўдзел апошніх ў паўстанні 1830-1831 гадоў палац канфіскаваны ў дзяржаўную маёмасць. Расійскай уладай прыстасаваны пад кавалерыйскую казарму.


На пачатку ХХ стагоддзя ў былым палацы размяшчалася двухкласная настаўніцкая школа, у якой у 1912 годзе вучыўся наш знакаміты зямляк І.С.Дварчанін. У 30-я гады ХХ ст., калі раён знаходзіўся ў складзе Польшчы, тут размяшчаўся сірочы дом. У доме-палацы жылі дзяўчаты. Іх так і называлі –»палачанкі». Дзяўчаты мелі майстэрню, дзе рабілі фіранкі на вокны, шылі розную іншую дробязь. Яны гатавалі таксама абеды для сямігадовай школы. Абеды складаліся з кавы, булачкі з маслам ці вяндлінай. Трымалі і апрацоўвалі агароды.
Археалагічныя шурфы, зробленыя супрацоўнікам Акадэміі навук РБ П.А.Русавым побач з палацам у 90-я гады ХХ ст., выявілі рэшткі падмурка яшчэ больш старажытных пабудоў. Верагодна тых, якія стаялі тут у часы існавання крэпасці К.Астрожскага.

Фота 2006 г.

З тыльнага боку палаца, недалёка ад возера, стаіць дом, зроблены з вялікіх камянёў. Гэты дом пабудаваў Заяц, родам з Дзям’янаўцаў. Сам Заяц працаваў у Санкт-Пецярбургу, быў нейкім вялікім начальнікам на чыгунцы. Сабраў грошай, у час рэвалюцыі вярнуўся на радзіму, тут і застаўся. Потым у доме размяшчаўся маслазавод, стаялі сепаратары для перапрацоўкі малака. У 60-80-я гады ХХ ст. ў будынку знаходзілася ветэрынарная станцыя.

Паводле кнігі Фёдара Красюка “Зецела або падарожжа па старых вуліцах Дзятлава”

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: