Ніколі не забудзем. Гэтыя словы сёння набылі новы, знакавы для беларусаў сэнс.
Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь была ўзбуджана крымінальная справа па фактах генацыду мірнага беларускага насельніцтва ў гады Вялікай Айчыннай вайны, у ходзе якой адкрыліся новыя жахлівыя акалічнасці. Шматпакутная Дзятлаўшчына таксама страціла ў ваенныя гады тысячы мірных жыхароў, імёны якіх яшчэ належыць аднавіць.
У гарпасёлку Наваельня, на месцы трагічнай гібелі мясцовага насельніцтва, адбылася цырымонія перапахавання астанкаў, знойдзеных у ходзе пошукавай аперацыі.
Удзельнікамі мерапрыемства сталі Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь Андрэй Швед, старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік, старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Андрэй Садоўскі, прадстаўнікі пракуратуры Гродзенскай вобласці, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Ігар Булаўка, супрацоўнікі райвыканкама, сілавых структур, работнікі калектываў, навучэнцы школ раёна.
Старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі нагадаў прысутным аб трагічных падзеях гісторыі Дзятлаўшчыны, якія сталі нагодай для мерапрыемства:
– Сёння мы сабраліся на адным з памятных месцаў Дзятлаўскага раёна, дзе ў часы Вялікай Айчыннай вайны, восенню 1942 года, фашысцкімі акупантамі і іх памагатымі было здзейснена жорсткае злачынства супраць мірнага насельніцтва – па-зверску забіты 850 чалавек. За гады акупацыі нашага раёна нямецка-фашысцкімі захопнікамі было знішчана 18 820 мірных жыхароў, сагнана ў нямецкае рабства больш за 1 тысячу чалавек, знішчаны 23 населеныя пункты, 7 з іх цалкам – гэта Пушча Ліпічанская, Дубраўка, Гарадкі, Трахімавічы, Вялікая Воля, Малая Воля, Дубароўшчына.
Сёння мы аддаём даніну памяці мірным жыхарам, астанкі якіх былі знойдзены ў гарпасёлку Наваельня вайскоўцамі 1-й спецыялізаванай пошукавай роты 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь у ходзе экспедыцыі. Памяць аб гэтай жорсткай расправе над мірным насельніцтвам неабходна захоўваць і перадаваць з пакалення ў пакаленне. Пра гэта нельга забываць. Дарога да такіх месцаў не зарасце ніколі. Мы абавязаны не дапусціць паўтарэння таго, што здарылася 80 гадоў таму.
Аб генацыдзе беларускага народа, аднаўленні нашай гісторыі і рэчах, якія нельга забываць, расказаў генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь Андрэй Швед:
– Амаль 80 гадоў прайшло з той пары, калі на нашу зямлю прыйшлі карнікі, тыя, хто прысвоіў сабе права забіваць беспакарана, катаваць, спальваць. У планах гітлераўскай Германіі было поўнае, татальнае знішчэнне ўсяго насельніцтва, якое жыло ў тым ліку і на тэрыторыі БССР. З першых дзён вайны фашысты і іх спадручныя пачалі рэалізоўваць свой план – забіваць, рабаваць, знішчаць. Не абышла гэта трагедыя і Дзятлаўшчыну.
За год расследавання крымінальнай справы нам удалося вярнуць з забыцця больш за тысячу беларускіх вёсак, якія былі цалкам ці часткова знішчаны разам з жыхарамі. Маштабы трагедыі, якую перажыў беларускі народ, грандыёзныя: няма такой беларускай сям’і, якую б не закранула вайна. Такой жорсткасці гісторыя не ведала. І, спадзяёмся, не будзе ведаць.
Генеральны пракурор расказаў, што пошукавыя работы на месцы масавага расстрэлу людзей у Наваельні былі распачаты ў 2005 годзе. За час расследавання крымінальнай справы былі апытаны больш за 130 сведкаў, вывучаны архіўныя дакументы. Дзякуючы ўсяму гэтаму ўдалося дакладна ўстанавіць месца, дзе мучылі і забівалі людзей.
– Мы для сябе ставім за мэту не проста высветліць маштабы трагедыі, а паказаць сапраўдны твар нацызму і фашызму, – адзначыў Андрэй Іванавіч. – Мы хочам, каб нашы дзеці і ўнукі ведалі, што гэта такое і да якой бяды можа прывесці. На нашай роднай зямлі адбываўся жах, які нават складана апісаць словамі. У гэтай зямлі пакояцца астанкі людзей розных нацыянальнасцяў, і наш з вамі святы абавязак помніць пра іх, вярнуць з забыцця хаця б частку імёнаў.
Равін Гродзенскай іўдзейскай рэлігійнай абшчыны Іцхак Кофман прыехаў разам з прадстаўнікамі абшчыны, каб ушанаваць памяць яўрэяў і беларусаў, бязвінна загінулых на Дзятлаўшчыне. Ён яшчэ раз нагадаў аб трагедыі яўрэйскага народа ў часы Вялікай Айчыннай вайны, якая не мінула і яго сям’ю таксама. Ён узнёс малітву за спачын душы загінулых, яна прадоўжылася рытуалам пахавання.
У Гродзенскай вобласці ўжо 3 гады рэалізуецца патрыятычны праект “Памяць. Адзінства. Перамога” па стварэнні музея візуальных формаў камунікацыі пад адкрытым небам, якія ўвекавечваюць памяць аб абаронцах Айчыны і ахвярах генацыду беларускага народа. У яго межах ужо ўстаноўлена больш за 200 інфармацыйных таблічак. На месцы новаяльнянскай трагедыі старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі і старшыня аблвыканкама Уладзімір Каранік адкрылі 207 форму візуальнай камунікацыі, прысвечаную генацыду мірнага насельніцтва на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна.
Удзельнікі жалобнага мітынгу ўсклалі кветкі, вянкі, лампадкі да магілы мірных людзей, знішчаных фашыстамі, ушанавалі іх памяць хвілінай маўчання.
Наталля АВЯРЧУК
Фота Наталлі Авярчук, Пул 4 регион
Відэа Беларусь 4
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga