Шчодра і на любы густ

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

1 кастрычніка пачатак сезоннай рэалізацыі вітаміннай прадукцыі на Дзятлаўшчыне паклаў першы сёлетні восеньскі кірмаш.

На сельскагаспадарчым рынку райцэнтра па вуліцы Слонімскай шматлюдна было ўжо з самай раніцы. Хоць старт “афіцыйнага” гандлю і прызначылі на 9 гадзін, вопытныя пакупнікі даўно ведаюць, што аматарам даўжэй паспаць дастануцца самыя рэшткі хадавой прадукцыі.

Бойка ішоў гандаль каля машын сельгаспрадпрыемстваў раёна, асабліва з зернем. Каля 3 тон трыцікале, ячменю і пшаніцы з самай раніцы распрадало КСУП “Жукоўшчына”, засталася бульба “Скарб” па 60 капеек (такая цана на “другі хлеб” амаль паўсюль), якой прывезлі 7 тон, добра бяруць сталовыя буракі па 80 капеек і цыбулю па рублю за кілаграм. На яблыкі па 1 рубель 10 капелек попыт пакуль невялікі. Спецыялісты гаспадаркі сцвярджаюць, што гэта з-за ўраджайнага года, больш хадавой садавіна стане ў снежні-студзені.

Сельскагаспадарчы філіял “АграМілк” прывёз на кірмаш 5 тон трыцікале і пшаніцы па 50 капеек, апошнюю таксама разабралі адразу ж, машына пусцее на вачах.

Чарга выстраілася да гандляроў з КСУП “Войневічы”, таксама “размяталі” зерне, якога было 9 тон. У гаспадаркі на кірмашы шырокая прапанова тавараў, ужо разабралі гарох па 55 капеек, грачыху – па 70, прывезлі і насенне траваў (канюшыны і цімафееўкі), праўда, яно менш цікавіць пакупнікоў. Увогуле з больш чым 200 мяхоў тавару спецыялісты ўжо распрадаюць рэшткі.

Добра заладзіўся гандаль і ў ААТ “Дварэц-Агра”. З раніцы распрадалі 4,5 тон зерня (пшаніцу, трыцікале, ячмень, жыта, проса), засталася бульба “Скарб”, якой з 1,5 тоны рэалізавана трэцяя частка.

У КСУП “Хвінявічы” наадварот бульба па 60 капеек гатункаў “Першацвет” і “Брыз” (прывезлі па 3 тоны кожнага) карыстаецца попытам – засталося некалькі мяхоў. Было, ды разабралі 4 тоны пшаніцы, ячменю, трыцікале.

Не скардзіцца на попыт ААТ “Новаяльнянскі камбінат хлебапрадуктаў”, які прапаноўвае курыны і свіны камбікорм па 30 рублёў 90 капеек і 24 рублі 60 капеек за мех адпаведна, усяго разам прывезлі паўтары тоны.

Гаспадары прысядзібных участкаў з нашага раёна, Століншчыны, Зэльвеншчыны і іншых куткоў прадставілі шырокі асартымент сезоннай агародніны – капусты – ад 60-80 капеек, морквы – ад 80 капеек, перцу – ад 2 рублёў, памідораў – ад 1 рубля 80 капеек і іншай прадукцыі. Можна было набыць журавіны па 9 рублёў за кілаграм. Прапаноўвалі мёд, айву, часнок, каб перад халадамі запасціся вітамінамі. Пастаянная чарга стаяла каля гандлёвага павільёна Слонімскага мясакамбіната з вялікім выбарам прадукцыі.

Дбайныя гаспадары не праходзілі міма саджанцаў пладовых дрэўцаў, кустоў, ягад, кветак. З ліку пастаянных удзельнікаў на кірмашы была прыватная гаспадарка “Райсад” з Малога Мажэйкава, што на Лідчыне, асабістыя падсобныя гаспадаркі. Садовы інструмент, выраблены ўласнымі рукамі, і кошыкі з лазы са Шчучына прывёз рамеснік Міхаіл Гайдукевіч.

Шчаслівыя пакупнікі вярталіся дамоў з важкімі набыткамі. Цікава было даведацца, як яны ацанілі кірмаш у Дзятлаве.

Ганна Кучура з райцэнтра:

– Прыехалі вельмі рана і ледзь паспелі набыць 7 мяхоў трыцікале сваім курам і бацькоўскім у вёску. На чарзе – агародніна, будзем купляць буракі і перац, якія сёлета ў нас на ўчастку крыху не ўдаліся. Бульба ёсць свая, сястра з вёскі таксама пераслала. Увогуле вельмі добры і вялікі кірмаш, ёсць багаты выбар, праўда, ёсць і чэргі за хадавым таварам.

Іван Гоман з Міроўшчыны:

– Прыехалі з сынам на мотаблоку і ўжо накуплялі цэлы прычэп. Тут капуста, бульба, цыбуля і іншая агародніна. Бралі сабе і родным, сям’я вялікая. Кірмаш багаты, хоць і выдалася дажджлівае надвор’е, але пры жаданні можна набыць усё неабходнае. Дома абавязкова правядзём “рэвізію” нашых набыткаў, калі што забыліся, прыедзем у райцэнтр у наступны раз.

Дарэчы: 8 і 15 кастрычніка гандляваць сельгаспрадукцыяй будуць у Наваельні, Казлоўшчыне і Гезгалах, а 22 кастрычніка восеньскі кірмаш зноў завітае ў Дзятлава.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga