Датэрміновае галасаванне — чаму вырашылі аддаць свой голас загадзя?

Падзеі

У Беларусі доўжыцца датэрміновае галасаванне на парламенцкіх выбарах. Журналіст раённай газеты наведала Ленінскі ўчастак № 10 у гімназіі №1 горада Дзятлава ў чацвер 8 верасня. Ужо з моманту адкрыцця ўчастка камісіі сумаваць не прыйшлося. Літаральна за першыя паўгадзіны свой выбар зрабілі больш за дзясятак жыхароў райцэнтра.

Хто і чаму вырашыў аддаць свой голас загадзя?

img_0265

Рыгор Леанідавіч Сцяпура, работнік Дзятлаўскага сыраробнага завода:

— Галасаваць прыйшлі разам з жонкай. У нядзелю мне як раз на змену, таму не змагу прыйсці на ўчастак. Жонка Яніна Феліксаўна знаходзіцца на заслужаным адпачынку, і магла б прагаласаваць у дзень выбараў, але мы стараемся ўсюды быць разам. Увогуле, лічу, што ўдзел у выбарах – гэта абавязак кожнага грамадзяніна, ігнараваць такія падзеі нельга, таму і скарысталіся магчымасцю прагаласаваць датэрмінова.

 

img_0269

Данута Віктараўна Рэйба, супрацоўнік вузла сувязі:

— Датэрміновае галасаванне зручнае тым, што выхадныя застаюцца свабодныя. Сёння стаіць добрае надвор’е, трэба выкапаць бульбу. У суботу-нядзелю прыедуць дзеці дапамагчы сабраць сёлетні ўраджай. Буду занятая. Але прагаласаваць хацела абавязкова, бо выбары – важная падзея для ўсіх, таму што вырашаецца пытанне нашай будучыні, ад іх выніку залежыць заўтрашні дзень – наш і нашых дзяцей.

 

img_0271

Таццяна Іванаўна Пацынка, пенсіянерка:

— Датэрмінова заўсёды галасавала і галасую. У мяне шматгадовая звычка адказна падыходзіць да любой справы, тым больш не заставацца ў баку ад такіх значных падзей, як выбары. Вось прагаласавала – і мне спакойна, што доўг свой, як грамадзянін, выканала і падтрымала кандыдата, які, на мой погляд, годны стаць дэпутатам.

 

img_0286
Леанід Юльянавіч і Зінаіда Георгіеўна Гушчы, пенсіянеры:

— Прыехала ўнучка з праўнукамі, даўно сваіх родных не бачылі, у нядзелю пойдзем да іх у госці. А галасаваць ішлі асэнсавана, прачыталі праграмы ўсіх кандыдатаў.
Па афіцыйнай інфармацыі Цэнтрвыбаркама за два дні, 6,7 верасня ў датэрміновым галасаванні на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі шостага склікання прынялі ўдзел 9,63 % выбаршчыкаў ад агульнай колькасці ўключаных у спісы.

Датэрміновае галасаванне на выбарах у Палату прадстаўнікоў стартавала 6 верасня і завершыцца 10 верасня. Выбары прызначаны на 11 верасня.

Тэкст і фота І. КАМАРОВАЙ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *