З 8 чэрвеня 2022 года на пасадзе намесніка старшыні Дзятлаўскага райвыканкама працуе маладая перспектыўная спецыяліст з нераўнадушнай жыццёвай пазіцыяй – Вольга Жэлезоўская, якая яшчэ нядаўна ўзначальвала аддзел эканомікі.
За два тыдні Вольга Антонаўна асвоілася з новымі абавязкамі і расказала, чым яны адрозніваюцца ад ранейшых.
– Ёсць як агульныя рысы, звязаныя з фінансамі і бюджэтам, так і істотнае адрозненне. У падатковай інспекцыі, адкуль я прыйшла ў райвыканкам, даводзілася сачыць за своечасовым паступленнем грашовых сродкаў у бюджэт у поўным іх аб’ёме. У аддзеле эканомікі – больш увагі скіроўваць на паспяховасць і выніковасць работы рэальнага сектара, асваенне і пераарыентаванне рынкаў збыту, што таксама звязана з фарміраваннем раённага бюджэту. Абавязкі намесніка старшыні райвыканкама, які курыруе сферу эканомікі і вытворчасці, яшчэ больш маштабныя, адказныя і глыбокія – у ракурсе зладжанасць і выніковаць работы эканомікі раёна. Такім чынам, я па-ранейшаму займаюся тым, што мне добра знаёма, ступіўшы на больш высокую прафесійную прыступку.
– На што лічыце неабходным скіраваць асноўную ўвагу?
– Складаная эканамічная сітуацыя і нядобразычлівая санкцыйная палітыка ў адносінах да Беларусі патрабуе рабіць стаўку на знешнія рынкі і экспартаарыентаваную работу нашых прадпрыемстваў, важна, каб яны працавалі бесперабойна, захоўвалі дастойны ўзровень заработнай платы і рабочыя месцы. Падтрымка будзе скіравана на пошукі новых буйных замежных пакупнікоў, работу са спецыялізаванымі лічбавымі пляцоўкамі, папулярызацыю мясцовай прадукцыі, якая можа зацікавіць сяброўскія для нас краіны і заняць дастойную нішу на іх рынках.
Для абазначэння рэальных перспектываў росту мы пастаянна аналізуем работу прадпрыемстваў нашага раёна, вывучаем іх цяжкасці і праблемы, каб знайсці “рычагі” падтрымкі, калі гэта будзе неабходна, нават на абласным і рэспубліканскім узроўнях. Безумоўна, працэс гэты не хуткі: у лепшыя для сусветнай эканомікі часы склаліся грунтоўныя сувязі, у тым ліку па пастаўках у Беларусь сыравіны з краін Захаду. З-за санкцыйнай палітыкі такія пастаўкі спыняюцца і скасоўваюцца, даводзіцца актыўна адшукваць замену ў краінах, якія ідуць нам насустрач.
Яшчэ адна важная задача – пошук інвестыцыйных праектаў і прыцягненне інвестыцый для развіцця раённых вытворцаў. Сёння цяжка планаваць і прагназаваць нават на недалёкую перспектыву, аднак мы вучымся жыць у новых умовах: не сядзець на месцы, бо за нас ніхто не падумае. Аналіз затратаў, выпуск новай прадукцыі, гаспадарчы падыход да кожнага рубля, грунтоўная ацэнка, на што рабіць стаўку кожны наступны месяц, – тое, што павінен узяць на ўзбраенне сучасны кіраўнік.
– Чаго чакаеце ад новай пасады?
– Змена месца работы – маё ўсвядомленае і ўзважанае рашэнне, якое прымала няпроста. У ранейшай сферы дзейнасці ўжо была прафесіяналам, аднак разумела, што здольная на большае. Мяркую, на пасадзе намесніка старшыні я атрымала тое, да чаго імкнулася: мне цікава працаваць, пазнаваць шмат новага, дапамагаць у вырашэнні розных, часам няпростых, сітуацый. Можна сказаць, што кожны мой дзень – для новых рашэнняў, і я, як ніколі раней, адчуваю, як крочу ў нагу з часам.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga