Рэалізацыя Дэкрэта № 18. Не думалі, але здарылася

Здарэнні і бяспека Свежыя навіны

Адбылося чарговае пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама, на якім разгледжаны дзве адміністрацыйныя справы на непаўналетніх, вынесены папярэджанні аб недапушчэнні імі падобных паводзінаў у далейшым.

Закон дыктуе свае правілы

Усім нам знаёма сітуацыя, калі хочацца як мага хутчэй асвоіць пэўныя ўменні і навыкі, але народная мудрасць: не адкладвай на заўтра тое, што можна зрабіць сёння”, – не заўсёды спрацоўвае.

Так здарылася з выпускніцай адной са школ нашага раёна. Дзяўчына збіраецца паступаць у вышэйшую навучальную ўстанову і хоча атрымаць вадзіцельскае пасведчанне, нават на падрыхтоўчыя курсы ўжо запісалася, але заняткі там яшчэ не пачаліся.

Зрабіць прыемнае сваёй сяброўцы і загадзя павучыць яе ўпэўнена трымацца за рулём вырашыў паўналетні знаёмы. На пустой вясковай дарозе юнак перадаў ёй кіраванне аўтамабілем. Імправізаваны ўрок быў нядоўгім: машыну з бяспраўніцай за рулём спынілі супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі. Вядома ж, склалі пратаколы на паўналетняга вадзіцеля, які перадаў руль, і на яго навучэнку. Закон дыктуе свае правілы: вучыцца кіраваць аўтамабілем можна толькі на спецыялізаваных агароджаных аўтадромах, бліжэйшы з якіх для дзятлаўчан знаходзіцца ў суседнім Навагрудку. На дарозе будучым вадзіцелям практыкавацца строга забараняецца.

На пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама старшакласніца сваю віну прызнала, расказала, што сябар ужо заплаціў штраф за імправізаваны ўрок ваджэння для яе. Паколькі дзяўчына не мае ўласнага даходу, яе папярэдзілі аб недапушчэнні падобных паводзінаў на дарозе ў далейшым. Расказалі, што асвойваць ваджэнне лепш у час курсаў пад кіраўніцтвам інструктара, інакш можна “зарабіць” адтэрміноўку на атрыманне вадзіцельскага пасведчання на некалькі гадоў.

Гуляць – строга па гадзінах

У камісію па справах непаўналетніх райвыканкама паступіў адміністрацыйны пратакол на падлетка, які кідаў снежкі ў акно адной з дзятлаўскіх кватэр. На дзеянні хлопца гаспадар паскардзіўся ў міліцыю.

Членам камісіі юны правапарушальнік патлумачыў, што такім чынам хацеў правучыць гаспадара за непаважлівыя адносіны. Расказаў, што незадоўга да здарэння гуляў з сябрамі па райцэнтры, разам яны захацелі набыць цыгарэты. Паколькі тытунёвыя вырабы дзецям у магазіне не прадаюць, кампанія папрасіла дапамогі ў дарослага мужчыны. Хутка “добразычлівец” прынёс цыгарэты, аднак папрасіў у хлопца скарыстацца яго мабільным тэлефонам. Размова па сотавым зацягнулася, мужчына не спяшаўся аддаваць яго назад, і падлетку давялося ісці за ім аж да кватэры.

Пазней, у знак помсты, ён з сябрамі  “абстраляў” снежкамі балкон і вокны свайго памагатага. Падлетак прыводзіў і іншыя акалічнасці гісторыі, але не факт, што яны пацвердзяцца ў час праверкі.

На жаль, праўдай з’яўляецца тое, што літаральна праз тыдзень юны парушальнік зноў трапіў у рукі праваахоўнікаў, бо гуляў нецвярозы – матэрыялы гэтай адміністрацыйнай справы прыйдуць у камісію пазней і таксама будуць разгледжаны.

Паколькі хлопец членам камісіі ўжо знаёмы, ён і раней парушаў правапарадак, але адміністрацыйная справа спынялася з-за недасягнення ўзросту адказнасці, то на гэты раз размова была сур’ёзнай. Школьніку патлумачылі, што ў яго ёсць усе шанцы, калі не выправіцца, трапіць у спецыялізаваную навучальную ўстанову. Пакуль жа падлетак папярэджаны, з ім будзе праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа, выкарыстана яшчэ адна мера прафілактыкі – абмежаванне вольнага часу: на працягу 30 дзён з уступлення пастановы ў сілу гуляць па вуліцы юны парушальнік зможа толькі з 7 да 19 гадзін, выкананне абмежавання будуць кантраляваць праваахоўнікі.

Святлана ЗАЛУЧАН,
намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама
Віктар ПЕТРУКЕВІЧ,
начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх АУС райвыканкама
Ірына СТЫРНІК,
карэспандэнтка газеты “Перамога”, член камісіі

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga