На чарговым пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта разгледжаны пытанні дынамікі сітуацыі на рынку працы раёна і рэалізацыі плана рамонтных работ ва ўстановах адукацыі Дзятлаўшчыны.

У рабоце пасяджэння прыняў удзел Сяргей Мяснікоў, намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага аблвыканкама.

Для тых, хто хоча, работа ёсць

Занятасць насельніцтва – адзін з сур’ёзных паказчыкаў не толькі развіцця эканомікі, але і матэрыяльнага дабрабыту грамадзян.

– У 2021 годзе аказана садзейнічанне ў працаўладкаванні на наяўныя вакансіі 398 часова не занятым жыхарам раёна, з іх 158 беспрацоўным; працаўладкавана 17 беспрацоўных з ліку грамадзян, якія маюць патрэбу ў дадатковых гарантыях занятасці. Для забеспячэння часовай занятасці грамадзян арганізоўваліся аплачваемыя грамадскія работы, у якіх прынялі ўдзел 130 чалавек. Аказана дапамога ў арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці з прадастаўленнем фінансавай падтрымкі ў выглядзе субсідый 6 беспрацоўным, – адзначыла начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Васкель.

Тэму не занятых у эканоміцы раёна, а сёння такіх крыху больш за тысячу чалавек, узняў Сяргей Мяснікоў. Ён рэкамендаваў актыўней займацца гэтымі людзьмі, адсочваць структуру незанятых грамадзян: гэта асацыяльныя жыхары раёна або выехаўшыя за граніцу ці проста тыя, хто не жадае працаваць, ва ўсялякім выпадку, у рамках прававога кола. Таксама Сяргей Іванавіч акцэнтаваў увагу на часовым працаўладкаванні моладзі ў канікулярны перыяд.

У сваю чаргу, старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі не менш важнай абазначыў праблему замацавання маладых спецыялістаў.

– Моладзь – асноўны рэзерв у фарміраванні кадравага патэнцыялу раёна. З гэтым не паспрачаешся. Менавіта таму так важна надаваць увагу падбору і замацаванню маладых спецыялістаў, – адзначыў кіраўнік раёна. – Зразумела, каб яны заставаліся на Дзятлаўшчыне, неабходна праводзіць маніторынгі іх жыллёва-бытавых умоў, пастаянна аналізаваць узровень заработнай платы, забяспечваць сацыяльныя гарантыі, адсочваць вяртанне юнакоў, якія адслужылі ў войску, і прымаць дадатковыя меры для іх замацавання на першым працоўным месцы. І мы гэта робім, напрыклад, жыллём у раёне забяспечаны амаль 100 % маладых спецыялістаў. Між тым, мы разумеем, што Дзятлаўскі раён невялікі, а моладзь часта прыязджае “на адпрацоўку” з буйных гарадоў. Як затрымаць яе тут?

Падводзячы вынікі абмеркавання, Андрэй Садоўскі адзначыў, што на пасяджэнні прагучалі праблемныя пытанні ў сферы занятасці і ў бягучым годзе акцэнт будзе зроблены на аказанні садзейнічання незанятым грамадзянам, інвалідам, грамадзянам перадпенсійнага ўзросту, асобам, вызваленым з папраўчых установаў крымінальна-выканаўчай сістэмы, а таксама часовай працоўнай занятасці навучэнскай і студэнцкай моладзі.

Дзецям – камфортныя ўмовы

Капітальны рамонт, мадэрнізацыя будынка, рамонт бегавых дарожак, абсталяванне ўваходаў перагароднай прыладай, абследаванне будаўнічых канструкцый, замена аконных блокаў – і яшчэ шмат будаўнічых тэрмінаў гучала ў дакладзе начальніка аддзела адукацыі раённага выканаўчага камітэта Наталлі Белаус.

Наталля Сяргееўна трымала справаздачу па правядзенні рамонту навучальных установаў раёна. Зразумела, што ўстановаў шмат, праекты рэканструкцый распрацаваны не на адзін год, суправаджаюцца значнымі фінансавымі ўкладаннямі. У 2020 годзе выкананы 34 мерапрыемствы з запланаваных 35, а летась – 18 з 19.

На 2022 год запланавана правядзенне абследавання будаўнічых канструкцый аб’ектаў з прыцягненнем спецыялізаванай арганізацыі 6 установаў адукацыі – Дварэцкай сярэдняй школы, Круцілавіцкага дзіцячага сада – сярэдняй школы, сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава, Вензавецкага дзіцячага сада-сярэдняй школы, Раклевіцкага дзіцячага сада-базавай школы, будынка пачатковай школы Казлоўшчынскай сярэдняй школы з атрыманнем адпаведных заключэнняў. З выдзеленых аддзелу адукацыі на 2022 год асігнаванняў накіравана 9 тысяч рублёў на замену аконных блокаў у будынку дзіцячага сада ў Хвінявічах.

У сувязі з прыпыненнем фінансавання Банкам развіцця праектаў, што рэалізуюцца за кошт крэдытных і грантавых сродкаў банка, некаторыя запланаваныя работы на бягучы год часова прыпынены.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации