Напрыканцы вучобы ў тэхнікуме, універсітэце многія маладыя людзі задаюцца пытаннем: вярнуцца дадому і пачаць свой працоўны шлях на Бацькаўшчыне або паехаць пакараць прафесійныя вяршыні ў незнаёмыя месцы?
Механізатар ААТ “Дварэц-Агра” Мікалай Ганчар выбар зрабіў яшчэ 30 гадоў таму: ён вярнуўся на малую радзіму, у вёску Васевічы, і да сённяшняга дня працуе ў роднай гаспадарцы.
Мужчына нарадзіўся і вырас у сельскай мясцовасці, з самага дзяцінства дапамагаў бацькам па хатняй гаспадарцы. Часта назіраў, як у полі працуе сельскагаспадарчая тэхніка, якой ён заўсёды марыў “паруліць”. У той час многія вясковыя хлопцы хацелі працаваць на трактарах. Таксама і Мікалай вырашыў, што гэта прафесія яму па душы, і паступіў у Жыровіцкі саўгастэхнікум на спецыяльнасць “трактарыст-машыніст”. Пасля вучобы праходзіў тэрміновую службу ў ваенна-паветраных сілах у Латвіі. У гаспадарцы маладога чалавека сустрэлі ветліва і гасцінна, заўсёды падказвалі і дапамагалі. Ды і многіх работнікаў механізатар добра ведаў яшчэ да вучобы ў тэхнікуме, таму ўцягвацца ў працоўныя будні было намнога лягчэй. Зараз Мікалай Эдуардавіч выконвае самыя розныя сельскагаспадарчыя задачы – узворвае і культывуе глебу, падвозіць зялёную масу і арганічныя ўгнаенні. Спраўляецца са сваімі абавязкамі выдатна, таму не раз трапляў у тройку лепшых трактарыстаў-машыністаў раёна.
У вольны час замест гаджэтаў мужчына аддае перавагу цікавай кнізе, заўсёды стараецца дапамагчы жонцы па гаспадарцы.
Вадзім ФІЛІПОЎСКІ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga