– Сёння побач з намі ёсць яшчэ тыя, хто ў суровыя гады Вялікай Айчыннай ваяваў за нашу будучыню, хто пранёс праз усё сваё жыццё боль страты родных, блізкіх і баявых таварышаў.
Нізкі паклон і бязмежная ўдзячнасць вам, дарагія ветэраны, пацярпелыя ад гэтай страшнай вайны. Вы – сімвал непераможнасці беларускага народа! – адзначыў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка ў час урачыстага сходу да Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.
Менавіта ветэраны Вялікай Айчыннай вайны Аляксандр Лях з Дзятлава і Фёдар Шалесны з Лозак 23 лютага аднымі з першых на Дзятлаўшчыне прымалі віншаванні са святам сапраўдных мужчын. Аляксандр Юльянавіч і Фёдар Васільевіч атрымалі кветкі, падарункі і пачэсныя ўзнагароды – нагрудныя знакі “Ганаровы ветэран” Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў з прысваеннем адпаведнага звання за добрасумленную працу і патрыятычнае выхаванне моладзі.
Ясным сонечным ранкам на парозе свайго дома гасцей сустракаў Аляксандр Лях. З Днём абаронцаў Айчыны ад імя раённага савета ветэранаў яго павіншаваў старшыня аб’яднання Міхаіл Губар, пажадаў здароўя, дабра, доўгіх гадоў жыцця, мірнага неба над галавой. Міхаіл Яўгенавіч уручыў Аляксандру Юльянавічу нагрудны знак “Ганаровы ветэран” і пасведчанне да яго, а таксама кветкі. Да віншаванняў далучылася начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, яна ж намеснік старшыні раённай арганізацыі ГА “Белая Русь” Вольга Рагачова, пажадала, каб жыццёвыя нягоды абыходзілі дом ветэрана, а пад яго дахам заўсёды панавалі радасць і надзея. Яна ўручыла ветэрану падарунак ад раённай арганізацыі ГА “Белая Русь”.
Ушанаваць былога франтавіка Фёдара Шалеснага ў Лозкі прыехалі старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі, старшыня Казлоўшчынскага сельвыканкама Вадзім Бялятка, дырэктар ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас” Сяргей Дурко, яго намеснік па ідэалагічнай рабоце Аляксей Урбановіч.
– Вы прайшлі цяжкі шлях дарогамі вайны, самааддана працавалі для пасляваеннага аднаўлення краіны, – уручаючы падарункі ветэрану, зазначыў кіраўнік раёна. – Мы ганарымся вашымі франтавымі і працоўнымі подзвігамі, удзячны за той прыклад, які падаяце сучаснікам і моладзі. Нераўнадушша да лёсу Радзімы і загартоўку прадстаўнікоў старэйшага пакалення мы бачым, нават у тым, як актыўна гэтыя людзі ідуць на рэспубліканскі рэферэндум. Фёдар Васільевіч, дзякуем вам за слаўныя справы на карысць Айчыны, няхай вашы дні будуць мірнымі і светлымі, праходзяць сярод родных і блізкіх людзей.
Старшыня раённага савета ветэранаў Міхаіл Губар, выказваючы цёплыя пажаданні, паведаміў былому франтавіку аб прысваенні звання “Ганаровы ветэран” і прымацаваў знак на лацкан пінжака да іншых узнагародаў Фёдара Шалеснага, сярод якіх – ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені, медалі “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне” і “Георгій Жукаў 1896-1996 гг.”, шматлікія юбілейныя.
Да шчырых пажаданняў з кветкамі і падарункамі далучыліся Вадзім Бялятка, Сяргей Дурко, Аляксей Урбановіч.
У мірны час ветэран Вялікай Айчыннай вайны працаваў у Баранавіцкім хімлясгасе: у лясах займаўся выбуховымі работамі. Пазней перавёўся ў Дзятлаўскі лясгас, у Вензавецкі дрэваапрацоўчы цэх, якому прысвяціў шмат гадоў сумленнай працы да выхаду на пенсію.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga