Абмеркавалі Пасланне Прэзідэнта, прапанавалі ідэі да Года гістарычнай памяці

Галоўнае Грамадства

Дзятлаўчане не губляюць энергічнасці ў любую пару жыцця.

Пацвярджэнне таму – чарговае пасяджэнне клуба “Пазнай-ка”, што працуе ў рамках нацыянальнай стратэгіі “Актыўнае даўгалецце”. Тут людзі паважанага ўзросту абмяркоўваюць актуальныя для нашай краіны і раёна справы.

На гэты раз у цэнтры ўвагі было Пасланне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь да беларускага народа і Нацыянальнага сходу і звязаныя з ім пытанні пенсійнага заканадаўства, барацьбы з COVID-19 і Года гістарычнай памяці ў Беларусі. Удзельнікі клуба “Пазнай-ка”, які ўзначальвае краязнаўца Міхаіл Лук’янчык, з цікавасцю слухалі гасцей мерапрыемства, іх прадставіла вядучая пасяджэння Галіна Касцюк.

Галоўны рэдактар раённай газеты “Перамога” Ірына Камарова, якая сёлета ў саставе дэлегацыі Дзятлаўшчыны слухала Пасланне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у Палацы Рэспублікі, падзялілася сваімі ўражаннямі ад паездкі, закранула моманты, найбольш цікавыя пажылому пакаленню. Ірына Чаславаўна расказала, што сёлета Прэзідэнт не проста выступаў з прамовай, але і даваў канкрэтныя даручэнні дзяржаўным структурам. Так, прадстаўнікі медыцыны атрымалі наказ зберагчы жыццё і здароўе людзей, максімальна засцерагчы людзей ад каранавірусу і яго наступстваў. Таксама для Беларусі, у тым ліку і Дзятлаўшчыны, багатай лясамі, востра стаіць пытанне загрувашчанасці лясных масіваў, з якім кіраўнік дзяржавы даручыў разабрацца на працягу года. Узгадала галоўны рэдактар тэмы абароны краіны, студатрадаўскага руху, пераемнасці пакаленняў і іншыя.

Заўжды надзённыя для пенсіянераў тэмы налічэння пенсій і сацыяльнай падтрымкі закранула намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Навічэнкава. Яна патлумачыла, калі і каму чакаць павышэння пенсій, як разлічваецца каэфіцыент выплат. Алена Міхайлаўна заўважыла, што ўсе змяненні ў пенсійнае заканадаўства можна прачытаць у раённай газеце “Перамога”.

Загадчыца райпаліклінікі, доктар-тэрапеўт Алена Куцко агучыла “свежыя” медыцынскія даныя, згодна з якімі ў нашай краіне зноў назіраецца рост выяўленых выпадкаў захворвання на каранавірусную інфекцыю. Па даследаваннях вучоных, новы штам каранавірусу “Амікрон” актыўнейшы за свайго папярэдніка ў некалькі разоў. У сувязі з гэтым яна параіла гасцям мерапрыемства звяртаць пільную ўвагу на ўласнае здароўе. У барацьбе з вірусам дапаможа імунітэт і выкананне мераў прафілактыкі. Весці здаровы лад жыцця, своечасова вакцынавацца ад каранавіруснай інфекцыі, не забываць пра сродкі індывідуальнай абароны і дыстанцыю – усё гэта значна знізіць рызыку захварэць.

У Год гістарычнай памяці ўсіх беларусаў, у тым ліку дзятлаўчан, чакае шмат цікавых пазнавальных праектаў. Аб гэтым прысутным расказала дырэктар Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея Вольга Цюшляева. Яна пазнаёміла гасцей сустрэчы з планамі мерапрыемстваў на 2022 год.

Удзельнікі клуба “Пазнай-ка” надзвычай актыўна абмяркоўвалі кожнае пытанне. Яны вызваліся быць тымі самымі нераўнадушнымі ініцыятыўнымі людзьмі, якіх Прэзідэнт краіны хоча бачыць у кожным рэгіёне, прапанавалі некалькі слушных ідэяў для Года гістарычнай памяці, якія збіраюцца рэалізаваць у бліжэйшы час, па патрыятычным выхаванні моладзі.

Інспектар Дзятлаўскага РАНС Мікіта Кандратовіч праінфармаваў удзельнікаў мерапрыемства аб сёлетняй сітуацыі з пажарамі на Дзятлаўшчыне, папрасіў быць асцярожнымі і не адмаўляцца ад дапамогі сваіх дзяцей, асабліва ў пытаннях супрацьпажарнай бяспекі.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: